Я нiколi раней не бачыў Снаўта. Ён быў у сеткаватай кашулi, праз вочкi якой вытыркалiся асобныя валасiны, што кусцiлiся на запалых грудзях, i калiсьцi белых зрэбных штанах, з плямамi на каленях i прапаленых рэактывамi, з мноствам кiшэняў, як у мантажнiка. У руках ён трымаў пластыкавую грушу, такую, з якiх наталяюць смагу на караблях, пазбаўленых штучнай гравiтацыi. Снаўт пазiраў на мяне як аслеплены яркiм святлом. З растапыраных пальцаў выпала груша i, нiбы мяч, некалькi разоў падскочыла. З яе вылiлiся рэшткi празрыстай вадкасцi. Паступова ўся кроў адхлынула ад твару Снаўта. Я быў надта разгублены, каб прамовiць хоць слова, i гэтая маўклiвая сцэна доўжылася да таго часу, пакуль яго страх нейкiм незразумелым чынам не перадаўся i мне. Я ступiў наперад. Ён скурчыўся ў крэсле.

- Снаўт... - шапнуў я.

Ён здрыгануўся як ад удару. Пазiраючы на мяне з невыказнай агiдай, ён прахрыпеў:

- Я не ведаю цябе, я не ведаю цябе, што ты хочаш?..

Разлiтая вадкасць хутка выпарылася. Запахла алкаголем. Снаўт пiў. Ён быў п'яны? Але чаго ён так баiцца? Я па-ранейшаму стаяў пасярод кабiны. Каленi мае дрыжалi, а вушы былi нiбы заткнутыя ватай. Падлога хiсталася пад нагамi. За выпуклай шыбай акна мерна калыхаўся Акiян. Снаўт не спускаў з мяне налiтых крывёю вачэй. Страх знiкаў з яго твару, але не знiкала неверагодная агiда да мяне.

- Што з табой?.. - спытаўся я цiха. - Ты хворы?

- Ты турбуешся?.. - глуха сказаў ён. - Ага. Ты будзеш турбавацца, праўда? Але чаму пра мяне? Я не ведаю цябе.

- Дзе Гiбарыян? - спытаўся я.

На секунду ён перастаў дыхаць, яго вочы зноўку сталi шклянымi, штосьцi ў iх успыхнула i патухла.

- Гi... Гiба... - выцiснуў ён. - Не! Не!!!

Снаўт затросся ад бязгучнага, iдыёцкага смеху, якi раптоўна ж i спынiўся.

- Ты прыйшоў да Гiбарыяна?.. - прамовiў ён амаль спакойна. - Да Гiбарыяна? Што ты хочаш з iм зрабiць?

Ён пазiраў на мяне так, нiбы я адразу перастаў уяўляць для яго небяспеку; у яго словах, а хутчэй у iх тоне гучала невыносная агiда.



6 из 186