Далей на метале быў навараны слой шурпатага пластыку. Там, дзе звычайна кацiлiся каляскi пад'ёмнiкаў ракет, пластык быў працёрты аж да сталi. Раптам вентылятары сцiхлi, i ўсталявалася глыбокая цiшыня. Я бездапаможна азiраўся, чакаючы з'яўлення якога-небудзь чалавека, але нiхто не падыходзiў. Толькi свяцiлася неонавая стрэлка, паказваючы на бясшумны эскалатар. Я ступiў на яго стужку. Парабалiчныя скляпеннi залы паступова пераходзiлi ў цылiндрычны тунель. У яго нiшах ляжала мноства балонаў са сцiснутым газам, кантэйнераў, парашутаў, скрынак. Гэта мяне таксама здзiвiла. Эскалатар заканчваўся ля круглай пляцоўкi тунеля. Тут панаваў яшчэ большы кавардак. З-пад кучы бляшанак расплылася алейная лужына. Непрыемны, рэзкi пах стаяў у паветры. У розныя бакi разыходзiлiся сляды ад ботаў, выразна адцiснутыя ў гэтай лiпучай цечы. Памiж бляшанкамi, быццам вынесеныя з кабiн, валялiся скруткi белых тэлеграфных стужак, шматкi паперы, смецце. I зноў засвяцiўся зялёны паказальнiк, скiроўваючы мяне да сярэдзiны дзвярэй. За iмi быў такi вузкi калiдор, што два чалавекi наўрад цi здолелi б тут размiнуцца. Святло трапляла сюды праз высокiя, з падвойна выпуклымi шыбамi, iлюмiнатары, нацэленыя ў неба. Яшчэ адны дзверы, размаляваныя бела-зялёнымi клеткамi, былi прачынены. Я ўвайшоў усярэдзiну. Паўкруглая кабiна мела адно вялiкае панарамнае акно; у iм палымнела затуманенае неба. Унiзе бясшумна хiсталiся чарнаватыя грабянi хваляў. У сценах было шмат адчыненых шкапчыкаў. У iх ляжалi iнструменты, кнiгi, брудныя шклянкi, запыленыя тэрмасы. На бруднай падлозе стаяла пяць цi шэсць механiчных самаходных столiкаў, памiж iмi некалькi панiклых надзiманых крэслаў - паветра з iх было часткова выпушчана. Толькi адно, з адхiленай унiз спiнкай, было запоўнена. На iм сядзеў малы хударлявы чалавек з абпаленым на сонцы тварам. Скура палосамi злазiла з яго носа i скулаў. Гэта быў Снаўт, намеснiк Гiбарыяна, кiбернетык. Калiсьцi ён надрукаваў у "Салярыстычным альманаху" некалькi надзвычай арыгiнальных артыкулаў.


5 из 186