Шитик Владимир

Скачок у нiшто (на белорусском языке)

Уладзiмiр Мiкалаевiч Шыцiк

Скачок у нiшто

Пройдзе час, з зямных касмадромаў возьмуць старт вялiзныя зоркалёты i накiруюцца да далёкiх галактык.

Магчыма, гэта адбудзецца ўжо ў наступным стагоддзi, магчыма, значна пазней. Але наша мара не хоча чакаць, мы ўжо цяпер хочам ведаць, што напаткае бясстрашных астралётчыкаў у бясконцай прасторы. Аб iх прыгодах, лёсе i знаходках расказваецца ў гэтым зборнiку фантастычных апавяданняў.

Сляды абрывалiся, быццам у Корзуна раптам выраслi крылы i ён узляцеў у фiялетавую бездань бязвоблачнага неба Сiрэны. Гэтага, вядома, быць не магло. Але ўсё ж цiкава, куды дзеўся Корзун? Шабанаў паўтарыў пытанне ўголас, зiрнуў на Савацеева. Той не адказаў, i Шабанаў зноў паглядзеў на сляды. Выразныя, як на мяккай глiне, з рубчыкамi i палоскамi ад цяжкiх чаравiкаў скафандра, яны пачыналiся адразу пад скалой, на якой зараз стаялi Шабанаў i Савацееў са свiтай робатаў i з якой гадзiну назад саскочыў унiз Корзун. Ён напэўна не спяшаўся - сляды былi акуратныя, нават у апошняй ямцы сценкi абсыпалiся не больш, чым у астатнiх. А далей жаўцеў некрануты пясок, аж да самай вады, да якой заставалася яшчэ метраў дзесяць.

- Хвалi змылi?.. - Савацееў сказаў гэта няўпэўнена, хутчэй каб парушыць маўчанне.

Шабанаў зразумеў таварыша i нявесела ўсмiхнуўся: мора было на дзiва спакойнае, як лясная копанка дзе-небудзь на Зямлi. За тыя хвiлiны, што мiнулi з таго моманту, калi з Корзунам спынiлася сувязь, яно не паспела б утаймавацца. Ды наогул шматдзённыя назiраннi сведчылi, што мора бушуе толькi ўначы. I Шабанаў адказаў:

- Тут нешта iншае, хаця, здаецца, акрамя мора ён не мог нiдзе дзецца.

- А што, калi... - здагадка была недарэчная i страшная, i Савацееў не адважваўся выказаць яе да канца.

Зноў Шабанаў зразумеў яго i адмоўна пакiваў галавой:

- Не! Прыбярэжны пясок - не багна.

- А яма, апоўзень цi яшчэ што! Не мог жа чалавек знiкнуць сярод белага дня, нiчога пасля сябе не пакiнуўшы.



1 из 16