
Вiдовiшча было жудаснае, i Савацееву за надзейнымi сценкамi стала нiякавата. А як Шабанаву, калi ён яшчэ жывы?
- Мой час мiнуў, - Корзун як прачытаў думкi таварыша.
- У яго аварыйны запас кiслароду. - Суцяшэнне было слабае, i сам Савацееў не вельмi верыў. Але iншага не было. - Адпачывай, Васiль, пазней зменiш.
Парывы ветру пачасцiлiся, перайшлi ў няспынны гул. Прыцiшаны гукаiзаляцыяй сцен, ён быў манатонны, наганяў сон. Савацееў уключыў метраном. Звонкiя секунды напоўнiлi пакой трывогай. Гэта хвалявала, прымушала ўвесь час быць насцярожаным. Савацееў, седзячы ў крэсле, утаропiўся ў экран.
Стыхiя лютавала. Хвалi ўжо захлёствалi сумныя адзiнокiя постацi робатаў, спрабуючы сарваць iх з месца. Але яны, варухнуўшыся, зноў стаялi, як укапаныя. I гэтак гадзiну, дзве... Каб не заснуць, Савацееў раз-пораз моргаў вачыма.
Напэўна, ён нешта ўсё-такi празяваў. Бо калi расплюшчыў вочы, то левага робата на месцы не было. У дынамiку рэзка сцебанула: "Чалавек у моры!" I ўжо другi робат кiнуўся ў хвалi.
Яны выбралiся з вады разам з Шабанавым. Да памяшкання ён дайшоў сам, трымаючыся за робатаў. Ён быў зняможаны, кiнуў адно: "Пасля, пасля" - i асунуўся, заснуўшы на хаду.
Прачнуўся Шабанаў гадзiн праз дваццаць. Зноў была ноч. Зноў за тонкiмi сценамi iх часовага жытла вар'яцеў вецер, з гор кацiлiся вадзяныя валы. Але гэта ўжо на людзей не дзейнiчала, здавалася неiстотным. Яны былi зноў разам. Касманаўты сабралiся ля праектара. Плёнкi ўжо былi праяўлены.
- Спачатку я раскажу, што захавалася ў памяцi, - прапанаваў Шабанаў, бо плёнкi могуць мне зрабiць непатрэбную падказку.
Шабанаў трымаўся зусiм iнакш, чым тады Корзун, больш упэўнена. Гэта i здзiвiла, i ўзрадавала Савацеева.
