- Калi я пайшоў да берага другi раз, - пачаў Шабанаў, - то быў хiтрэйшы. Я прыкладна ведаў, што мяне чакае. Калi закружылася галава, я не стаў працiвiцца чужому ўздзеянню, таму хутчэй упаў на пясок, стараючыся не варушыцца. Не ведаю чаму, але гэта аказалася правiльным. Галаве стала крыху лягчэй, i праз трызненне мне ўдалося тое-сёе ўбачыць. Помню, як змыла хваляй, як пацягнула па паверхнi, як пачаў правальвацца глыбей. Вось тады ў вадзе я адчуў нейкi рух, не плынь, а нешта iншае, абмежаванае вузкiмi рамкамi. Ты, Васiль, успамiнаў пра рыб. Можа, гэта былi яны. А можа, якiя iншыя iстоты. Вакол мяне ўвесь час бурлiў вiр, i хаця ў касцюме было паветра, яно не трымала мяне, я працягваў апускацца ўсё нiжэй. Мяне здзiвiла, што ўжо досыць глыбока, а цiску вады не адчуваю. Я спалохаўся. Зрабiў спробу вырвацца i дапусцiў гэтым самым памылку. Зноў закружылася галава, я правалiўся ў небыццё, з якога выйшаў толькi апынуўшыся на беразе. Каб не кiбы, паплаваў бы яшчэ. А цяпер давайце паглядзiм плёнкi.

У касцюм Шабанава былi ўманцiраваны шэсць маленькiх кiнакамер. Калi ён вярнуўся, iх засталося пяць. Шостая недзе прапала.

- Зачапiўся за што, а можа, робаты, як цягнулi, адарвалi, - сказаў Шабанаў.

Ды хапiла i астатнiх. Яны ўключылiся ў той момант, як мора хлынула на бераг.

Савацееву ўдалося сiнхранiзаваць зафiксаванае плёнкамi так, каб на экране атрымлiвалася цэльная i аб'ёмная карцiна. Мора было такое ж, якiм людзi яго бачылi кожны дзень, на глыбiнi нават яшчэ спакайнейшае. Тым больш было дзiўна, што Шабанаў рухаўся рыўкамi.

Апараты з аўтаматычнай наводкай хутка прывыклi да навакольнага асяроддзя. У вадзе яны заўважылi ценi, якiя кружылi навокал Шабанава. Апараты павялiчылi рэзкасць, выбралi адпаведную падсветку, i ценi ператварылiся ў незвычайных... рыб. Доўгiх, велiчынёй з чалавека, вузкiх i вастраносых.

- Васiль не памылiўся, - узрадаваўся Шабанаў.

Касяк, гаворачы зямной мовай, быў немалы - рыбы акружалi чалавека шчыльна, час ад часу кранаючы яго цела рабрыстымi плаўнiкамi.



11 из 16