Сон у крэслах быў не вельмi зручны, але яны прачнулiся бадзёрыя, пасвяжэлыя. Шабанаў хадзiў па пакоi i паўтараў:

- Хлопцы, а я, здаецца, нешта прыпамiнаю.

Савацееў не вытрымаў i буркнуў:

- Ды прыпомнi ўжо.

- А што, вазьму i... хлопцы! - Ён выбег у пераходны тамбур i вярнуўся, трымаючы ў руках нейкую палачку. - Вось, яна самая.

- Водарасць?! - усклiкнуў Савацееў.

Ледзь прыкметны пах азону, змешанага з чымсьцi яшчэ, паплыў па пакоi. Шабанаў шчаслiва ўсмiхнуўся i сказаў:

- Сядайце. Размова не скончана!

Заiнтрыгаваныя, таварышы паселi ў крэслы.

- Учора мы не разумелi, што за палосы парушалi бачнасць на экране. Цяпер я ўспомнiў усё, быццам не было правалу ў памяцi. - Хваляванне Шабанава перадалося астатнiм. Яны сядзелi, не адрываючы ад яго вачэй. - Першы раз я тузануўся, калi адарваў адзiн кiнаапарат. Вось ён, быў у кiшэнi, - Шабанаў разняў пальцы. - Другi раз, калi рабiў здымкi грота, i трэцi - калi вось гэты мiнерал, - ён паказаў на водарасць, - клаў у кiшэню. А зараз паглядзiм, што на апошняй плёнцы.

Успыхнуў экран, на iм з'явiлася падводнае царства, дакладней, яго маленькi куток - грот. Ля задняй сценкi грота стаялi палiцы, падобныя на соты. I ў кожнай ячэйцы ляжалi водарасцi.

- Iнкубатар? - здзiвiўся Савацееў.

- Нешта падобнае на яго, - адказаў Шабанаў.

Але самае дзiўнае было наперадзе. Да палiц, аднекуль збоку, са сцен грота цягнулiся правады. Iнакш назваць гэтыя тоўстыя нiткi нельга было. Здымка працягвалася лiчаныя хвiлiны, але i за гэты час у некалькiх ячэйках блiснулi чырвоныя iскаркi. А калi апарат крыху ссунуўся, касманаўты ўбачылi фiгуру ў... скафандры.

- Што вы цяпер скажаце, сябры? - хiтравата блiснуў вачыма Шабанаў.

Таварышы развялi рукамi.

- Тады я скажу. Гэтыя рыбы - робаты, напэўна, нават бiялагiчныя. Я помню iх паводзiны, таму перакананы. Яны дзейнiчаюць лагiчна, але без эмоцый. Iх стварылi такiя ж прышэльцы, як i мы, з iншага свету. Навошта? Пад вадой многа гэтага мiнералу. Яго дзеянне на чалавека надзвычай дабратворнае. Пакуль мы праглядалi плёнку, нашы робаты зрабiлi аналiз маёй крывi. Яна чыстая, быццам у ёй не адбываюцца працэсы акiслення. Вось як падзейнiчаў на мяне мiнерал. Вось чаму я ўспомнiў усё да дробязей аб маiм знаходжаннi пад вадой.



15 из 16