
- Думаеш, яны не адзiныя жыхары Сiрэны? - ажывiўся Корзун.
- Усё можа быць. Але не гэта галоўнае зараз. Гэтыя рыбы, я ўпэўнены, мiнулi ўжо стадыю iнстынкту.
- Але ж гэта азначае... - пачаў быў Шабанаў.
- Так. У iх розум слабы, але ўжо розум.
- Вада не тое асяроддзе, дзе можа развiвацца разумнае жыццё. - Шабанаў не мог згадзiцца з Савацеевым.
- Зямная логiка. Жыццё на Сiрэне так i не здолела выбрацца з вады на сушу. Але ж гэта не значыць, што яно спынiлася ў развiццi. Сiлы жыцця магутныя, i яно знайшло сабе свае шляхi. Дык чаму не магло яно надзялiць розумам рыбападобных? Ва ўсякiм разе, iншай гiпотэзы ў нас няма.
- Паўтарыць праверку? - прапанаваў Корзун. - Я гатовы зноў...
Пасля доўгага роздуму Шабанаў пакiваў галавой:
- Цяпер мы не можам. А што, калi Паўлюк не памыляецца, хаця на многае ён не даў адказу, як i я? Што тады аб нас падумаюць гаспадары планеты? Як мы будзем выглядаць у iх вачах? А калi яны знаходзяцца на нiзкай ступенi развiцця, што найбольш верагодна, дык невядома, як будзе ў наступны раз. Зробяць з цябе iдала i пакiнуць у сваiм гроце, каб малiцца. Мы закончым сваю работу, не чапаючы мора. А некалi пазней, калi рыбы дасягнуць вышэйшай ступенi развiцця, людзi ўстановяць з iмi зносiны. Пачаўшы развiвацца, жыццё не адступiць. Цяпер Сiрэна будзе пад наглядам.
- Даў жа нехта планеце такую назву, усё роўна як ведаў, - заўважыў Корзун.
- Не помню хто, - адказаў Шабанаў, - назва iснуе з мiнулага стагоддзя. Мабыць, i тады людзi ведалi пра гэтых рыб. Ну, як, згодны з маiм рашэннем?
Пярэчанняў не было.
Да свiтання касманаўты засталiся на часовай станцыi.
