- Дзе ты быў? - Савацееў зрабiў крок да Корзуна.

Корзун зморшчыў лоб, падумаў трохi i, нiчога не разумеючы, адказаў:

- Ту-ут...

- Увесь час? - асцярожна ўдакладнiў Шабанаў.

- Якi час, я ж толькi прыйшоў сюды. - Да Корзуна нарэшце дайшло, што таварышы ў чымсьцi сумняваюцца... - Чаго вы прычапiлiся?

- Паглядзi! - Шабанаў паказаў спачатку на Альтаiр, якi ўжо схаваўся напалавiну, потым на апусцелыя кiслародныя балоны. - Бачыш, колькi часу мiнула?

Корзун шырока расплюшчыў вочы i знясiлена апусцiўся на пясок.

- Як жа гэта, хлопцы?

- Даведаемся, - бесклапотна сказаў Савацееў i прапанаваў: - Паедзем дадому. Хутка лiне дождж.

Пазней, ужо седзячы ва ўтульным салоне зоркалёта, Корзун зноў папрасiў:

- Скажыце, хлопцы, што здарылася?

- Спачатку крыху адпачнём, а потым паспрабуем ужо адказаць на тваё пытанне. Нам хапiла сёння. А тады, можа, i ты, Васiль, што ўспомнiш.

Корзун успомнiў нямногае: як прыйшоў на бераг, прываблены зямным выглядам мора, i як пазней яго сустрэлi робаты. Што было памiж гэтым, ён ведаў не больш за астатнiх.

- Вось толькi... як бы вам сказаць...

- Ну, Васiль, ну, - Шабанаў падаўся да яго.

- Не, гэта не паддаецца апiсанню. Напэўна, я проста засумаваў па Зямлi. На беразе было... Гэта i радасць, i туга, i шчасце, ад якога нават стала балюча - такое яно вялiкае i ўсеабдымнае. Яны ахапiлi мяне там на беразе i не адпускалi, пакуль не прыйшлi вы.

Напэўна, усё сапраўды было так, бо, успамiнаючы, Корзун зноў стаў такiм, якiм яго бачылi сябры на беразе, - памякчэлым, з нясмелай усмешкай.

Знешне Корзун не змянiўся. Толькi цяпер часцей задумваўся, быццам прыглядаўся цi прыслухоўваўся да нечага незразумелага, але прыемнага, што было вядома толькi яму аднаму. Працаваў жа ён, як i раней, старанна. Факт яго знiкнення можна было б палiчыць камiчнай недарэчнасцю, каб за iм не стаяла нешта невядомае, невытлумачальнае, якое межавала з цудам i таму выглядала пагрозлiвым i небяспечным для кожнага з касманаўтаў, для карабля на ўвесь той час, пакуль яны будуць на Сiрэне. Гэта выклiкала нервознасць, перашкаджала нармальна працаваць. I нарэшце Савацееў не вытрымаў.



5 из 16