- Не давяраеш лакатарам? - спытаў Савацееў.

Шабанаў апусцiў бiнокль, зiрнуў на чысты экран лакатара i спытаў разгубленым голасам:

- Паўлюк, дзе Корзун?

Пакiнуўшы на ўсякi выпадак двух робатаў на беразе, Шабанаў i Савацееў вярнулiся на "Памiр", каб падрыхтаваць гiдраплан. Яны вырашылi ў моры пашукаць адгадку гэтай тайны.

Разведка нiчога не дала. На добрую сотню кiламетраў мора было цiхiм, спакойным, без прыкмет нават унутранага руху, прасвечвалася да самага дна.

Яны вярнулiся, калi сярэбранае сонца распаленым краем кранулася гарызонта. Надыходзiла ноч, кароткая, цёмная i такая дажджлiвая, што носа не высунеш. Прырода ў начныя гадзiны быццам вяртала мору ўсю тую ваду, што забiрала ў яго гарачым днём.

Расчараваныя, прыгнечаныя, Шабанаў i Савацееў спынiлiся ля зоркалёта. Корзун мог быць яшчэ жывы, але хвiлiн праз сорак кiсларод павiнен быў скончыцца. I тады... Яны не гаварылi, што будзе тады. Аб гэтым лепш было маўчаць, каб не праганяць надзею, маленькую i трапяткую, якая, нягледзячы нi на што, не пакiдала iх.

I раптам касманаўты пераглянулiся, не разумеючы, што адбываецца. У шлемафоне не змаўкаў голас робата, якi будзённа, як пра самае звычайнае, раз за разам паўтараў:

- На беразе чалавек! На беразе чалавек!

Бясстрасны робат з механiчнай душой, аднак, аказаўся больш кемлiвы за людзей. Паведамляючы навiну, ён адначасова выклiкаў усюдыход. Не паспелi касманаўты апамятацца, як усюдыход ужо стаяў побач з iмi. Яны адразу ж ускочылi ў машыну i памчалiся да абрыву.

Корзун стаяў на тым самым месцы, дзе абрывалiся яго ранейшыя сляды. Ён задумлiва глядзеў на мора i нечаму нясмела ўсмiхаўся.

- Васiль! Васiль! - Шабанаў тузануў яго за плячо.

Корзун спакойна зiрнуў на таварыша i здзiўлена спытаў:

- Ты чаго? Што здарылася?

- Ён яшчэ пытае! - Шабанаў у адчаi павярнуўся да Савацеева, якi таксама прыбег ужо на бераг. - Чуеш, Паўлюк?



4 из 16