Шабанаў дагнаў яго, прытулiў да грудзей i папрасiў:

- Калi што, вы тут з Паўлюком не баўцеся, вяртайцеся на Зямлю.

Корзун кiўнуў.

Мора сустрэла людзей звычайным спакоем. Альтаiр толькi што паказаўся над гарызонтам, i яго дыск свяцiўся на шэрай вадзяной гладзi доўгай пурпурнай паласой. Шабанаў на хвiлiну спынiўся, прыслухоўваючыся да неспакойных удараў сэрца, i потым рашуча скочыў унiз.

За iм спаўзлi робаты. Утрох - чалавек i два робаты - яны пакiдалi многа слядоў. А Савацееў бачыў толькi ямкi, якiя заставалiся ад цяжкiх чаравiкаў Шабанава.

Праз якую хвiлiну Шабанаў спынiўся. Ад мора яго аддзяляла вузкая паласа жоўтага пяску. Ён чакаў нечага неверагоднага, а вакол было як на зямным пляжы - вось каб яшчэ побач раслi дрэвы i кусты i не трэба было апранаць герметычны касцюм. Каб супакоiць Савацеева, Шабанаў азiрнуўся i весела крыкнуў:

- Бачыш? На мяне духi не дзейнiчаюць!

I тут у яго закружылася галава. Шабанаў зiрнуў на мора. На яго паверхнi нiчога незвычайнага не было. Гэта ён паспеў яшчэ адзначыць, бо праз iмгненне перад вачыма паплылi кругi. Трацячы раўнавагу, ён махнуў рукамi. Робаты зразумелi гэта як сiгнал аб дапамозе i кiнулiся да Шабанава. Але перш чым яны падхапiлi яго, ён убачыў перад сабой нейкiя кольцы, праменнi. Усё гэта вычварна перапляталася, перакрыжоўвалася, iмгненна мяняла афарбоўку, ствараючы новыя i новыя неверагодныя геаметрычныя фiгуры. I быццам яркiя зоркi падалi вакол густым асеннiм дажджом. У Шабанава ўжо не было нi цела, нi ўяўлення аб тым, дзе ён.

Капiтан ачуўся на камянiстым абрыве, i першае, што ўбачыў, - гэта заклапочаны твар схiленага над iм Савацеева. Шабанаў пакруцiў галавой.

- Табе дрэнна? - з трывогай спытаў Савацееў.

- Цяпер ужо не. - Шабанаў сеў, паварушыў плячыма, рукамi, аднаўляючы страчаную ўладу над сваiм целам. I расказаў, што яму здалося.



7 из 16