- Думаеш, i з Корзунам было гэтак жа?

- Упэўнены.

- Але чаму ён не расказвае? Тоiцца цi не помнiць? - спытаў Савацееў i аж зморшчыўся, так непрыемна яму было падазраваць сябра. Спахапiўшыся, ён дадаў упарта, пераканана: - Не помнiць!

- Так! - Шабанаў прыняў яго апошняе меркаванне без сумненняў. Значыць, павiнна яшчэ адбыцца нешта такое, што сцiрае сляды з памяцi. Я павiнен вярнуцца на бераг, Паўлюк. Адзiн. Без робатаў.

- Не спяшайся. Трэба падрыхтавацца. У касцюм уманцiруем некалькi мiнiяцюрных кiнаапаратаў i перадатчыкаў. Калi што i забудзеш, яны зафiксiруюць. I, магчыма, паведамяць твае каардынаты, калi сiгналы здолеюць прабiцца праз тоўшчу вады.

Усё паўтарылася спачатку. Толькi цяпер за Шабанавым назiраў i Корзун. Пачаўшы хiстацца, Шабанаў паспеў пракрычаць: "Выключы робата!" Потым ён закружыўся ў неверагодным танцы. У шлемафонах было чуваць яго перарывiстае дыханне, быццам ён дужаўся з кiмсьцi. Потым абяссiлеў i ўпаў нiц. Мора пяшчотна абмывала яго празрысты гермашлем. Корзун быў памкнуўся на дапамогу, але Савацееў утрымаў яго i шапнуў:

- Глядзi!

Блiзка ад берага мора раптам выкiнула султанчык. Ён пастаяў на месцы, падобны на фантан, потым варухнуўся, як пад подыхам ветру, i ператварыуся ў вiхор, з кожнай хвiлiнай набiраючы сiлу i глыбей укручваючыся ў ваду. Хутка на месцы вiхору ўтварылася варонка метраў дваццаць у дыяметры. Яе сценкi працягвалi круцiцца злева направа, аж пакуль не агалiлася дно. Тады адзiн бок варонкi, блiжэйшы да берага, выцягнуўся вузкiм доўгiм языком, лiзнуў пясок i вярнуўся на месца, захапiўшы з сабой распасцёртага чалавека.

Здабыча нiбы задаволiла мора. Яно пачало супакойвацца i хвiлiны праз тры зусiм сцiшылася, як быццам i не круцiў толькi што ў iм магутны вiр.

- Што скажаш? - спытаў Савацееў i пашкадаваў аб гэтым. Корзун стаяў, як аслупянелы, са збялелым тварам.

- Га? - уздрыгнуў ён. - Усё вылецела з галавы.



8 из 16