- Не можа быць! Подпiс без сумнення належыць Акэцi Мiцухiда! Без сумнення... Паважаная пустэльнiца, прашу вас, скажыце, як апынулася тут гэтая таблiчка? Але дзiўна... Дата... на тры гады пазней, як Мiцухiда загiнуў у Хонадзi... Што? Вандроўны манах напiсаў?.. Ха-ха-ха! Ну i спрытнюга! Ашукаў вас, панi пустэльнiца, гэты багамолец Буды!

Ёй было ўсё роўна, цi наведаў яе келлю Акэцi Мiцухiда, цi вандроўны манах, якi паставiў яго подпiс, цi яшчэ нехта. Якое гэта мела значэнне? Хiба не было той дзiўнай ночы i дзвюх душ, якiя злiлiся разам у сярэбраным i звонкiм свеце, дзе ўладарылi месяц, цыкады i духмяныя начныя травы?..

А потым... Што ж было потым?.. Ды шмат рознага. Быў багацей з Эда, вялiкi аматар жаночага цела, якi пратаптаў сцяжынку да яе келлi. Доўга ён угаворваў Хаму ўступiць яго страсцi i нарэшце ўсё ж такi звёз яе ў Эда i падарыў ёй дом.

Быў цясляр, прастадушны чалавек. Пажылi яны з iм сям'ёю як мае быць.

Але мужчыны рана цi позна памiралi. I кожны раз, адслужыўшы хаўтуры, Хама вярталася ў сваю келлю.

Iшлi гады. Змянялiся эпохi. Змянялася жыццё. Толькi адна Хама заставалася ранейшай.

- Панi... - ад саду да галерэi падышоў слуга. - Дылiжанс каля варот.

- Зараз iду...

Хама схавала ў маленькi скрутак памятныя запiсы - маёмасць, з якой яна некалi прыйшла ў гэты дом i з якой цяпер адыходзiла, яшчэ раз, набожна склаўшы рукi, пакланiлася таблiчцы з iмем нябожчыка i ўстала.

Гэты апошнi яе муж быў вельмi багаты. Ён атрымаў у спадчыну ад бацькi цэлую флатылiю, якая хадзiла ў кабатажнае плаванне, а з надыходам эпохi Мейдзi яшчэ больш разбагацеў на гандлi рысам. Хама спадабалася яму. Згвалцiўшы яе, ён прымусiў яе пераехаць у Токiо, а калi ў яе адраслi валасы, зрабiў пустэльнiцу сваёй афiцыйнай палюбоўнiцай i падарыў асабняк.

У гэтага багацея было яшчэ шэсць палюбоўнiц, i кожнай - свой асабняк. Законная жонка жыла ў раскошным доме, якi называўся палацам, дзень i ноч аплакваючы здраднiка-мужа. Так яна i памерла - у слязах i раскошы. Дзве яго ўтрыманкi, прыхапiўшы каштоўнасцi, збеглi з маладымi хлопцамi, i тады ён афiцыйна ажанiўся з Хамай. Вяселле, праўда, было сцiплае, нiякiх гасцей не запрашалi.



10 из 17