Адзiнокi дарожнiк, параўняўшыся з вандроўнiкамi, злёгку пакланiўся i хацеў iсцi сваёй дарогаю. На тварах манахаў адбiлася разгубленасць, потым здзiўленне. Яны адказалi на паклон, i вялiзны, як вежа, дзяцюк, што iшоў наперадзе, сказаў гучным голасам:

- Дазволь пагаварыць з табой!..

- Калi ласка...

Голас прагучаў сярэбраным званочкам. Вецер наляцеў з мора i адкiнуў з iлба дарожнiка канцы белага пакрывала.

З-пад белага шоўку, якi трапятаў, на манахаў глядзела жанчына. Маладая, гадоў дваццацi, не болей. Холад распiсаў пяшчотна-ружовымi фарбамi яе па-дзявочы гладкiя шчокi. Вочы былi ясныя, як у дзiцяцi.

Яны глядзелi на жанчыну разявiўшы рот.

- Наша дарога была доўгая i цяжкая. Сама блiзкую завалiла абвалам, i давялося iсцi ў абход, па бездарожжы. Тутэйшых мясцiн мы не ведаем. Цi не скажаш ты, сястра, ёсць тут дзе-небудзь паблiзу сяло або хоць бы адзiнокая хацiна, каб нам схавацца на ноч ад непагадзi?.. - Манах гаварыў вельмi пачцiва, стараючыся прыцiшыць свой гучны голас. - Ужо вечарэе. Скора на зямлю ляжа начная iмжа. Цi паспеем мы дабрацца да жытла?

- Бедныя, як жа вы, мусiць, натамiлiся! - У сярэбраным голасе прагучала спагада. - Але хутка канец вашым пакутам. Бачыце вунь той мыс? За iм рыбачы пасёлак. А калi пойдзеце да гор, там прыкладна праз два з паловай ры будзе будысцкi храм.

- Дзякуй, сястра - усклiкнуў каржакаваты, невысокi манах, якi стаяў побач з падобным на вежу. - Чулi, браты, нядоўга нам мучыцца. Яшчэ крыху, i нас чакаюць цяпло i сон. Наперад!

- Удачы вам у дарозе. Хай дапаможа вам усявышнi!

Жанчына крыху схiлiла галаву i пайшла далей. Але яе дагнаў голас манаха, якi быў падобны на вежу.



2 из 17