
- Высокашаноўная пустэльнiца, няўжо ў такi холад i ў буру ты iдзеш адна?
Манахiня ўсмiхнулася, прыкрыўшы рот краем рукава:
- Не трывожцеся, браты. Жыву я тут доўга, тутэйшыя мясцiны добра ведаю. Ды i келля мая недалёка...
I, яшчэ раз пакланiўшыся, яна пайшла. I манахi кланялiся ёй, i яна адказвала кожнаму. Але калi жанчына параўнялася з апошнiм, з выгляду ўбогiм манахам, галаву якога прыкрываў глыбокi саламяны капялюш, насунуты да самых брывоў, яе вочы раптам расшырылiся.
- Даруй мне... Цi не ты гэта, пане? - сказала яна, мiжволi ступiўшы крок да жабрака-манаха.
Ланцужок шэрых рас застыў на iмгненне, а потым па iм прайшло ледзь прыкметнае калыханне. Магчыма, вецер наляцеў у гэта iмгненне з новай сiлай... Сёй-той з манахаў схапiўся за мячы, схаваныя пад адзеннем багамольцаў.
Але манахiня, прыкмецiўшы, што апошнi ў ланцужку яшчэ глыбей нацягнуў на твар саламяны капялюш, каб не сустракацца з ёю позiркам, зноў пакланiлася i паглядзела на чалавека, падобнага на вежу, што сачыў за ёю вачыма, у якiх гарэў нядобры агонь.
- Малюся i спадзяюся на мiласэрнасць усявышняга. Няхай спадарожнiчае яна вам на вашым цяжкiм шляху. Даруйце, калi што не так сказала... - Яе тонкiя пальцы малiтоўна перабiралi выцягнуты з-за пазухi ружанец.
Калi меладычны, падобны на летнюю прахалоду голас даляцеў да першага манаха, яна ўжо павярнулася i са складзенымi рукамi пайшла прэч у снежную iмжу.
- Здагадалася! Пазнала! - прастагнаў каржакаваты манах, падобны на краба. - Месца бязлюднае, засячы, каб бяды не здарылася?
- Змоўкнi, Сабура, - сказаў падобны на вежу. - Мы ж манахi, хоць i не па добрай волi. Да таго ж яна ўсё-такi жанчына.
- А калi данясе?.. Прыйдзем у сяло, а там нас чакае засада...
- Кiнь, Сабура, - хрыпла сказаў убогi манах i павярнуўся да падобнага на вежу. - Усе стамiлiся, Бенкей. Трэба спяшацца.
Падобны на вежу патрос посахам.
- Чуў, Сабура? Вось i пан наш гаворыць... Мяркуючы па тым, як жанчына пажадала нам добрай дарогi, не будзе яна даносiць, нават калi здагадалася, хто мы такiя. Ну, пайшлi, чаго стаяць на холадзе.
