
А потым хлопчык - Ёсiцунэ стаў першым военачальнiкам з роду Мiнамота i праславiўся ў баях пры Сiме i Дан-но-Ура. А потым лёс адвярнуўся ад яго i ператварыў яго ў героя трагедыi. А потым людзi пачалi расказваць цуды пра яго подзвiгi. Хiба магла Хама загадзя прадбачыць усё гэта, калi ён прыбягаў напiцца ў яе келлю?..
Гады iшлi. Хама ўжо ведала пра гiбель Ёсiцунэ i яго сяброў. I аднойчы ў глухiм горным храме яна сустрэлася - зноў выпадкова - з чалавекам, якi прыняў манаскi сан i называўся Дзанму. I быў гэты манах не хто iншы, як чалавек Ёсiцунэ, якi насiў некалi iмя Сабура. Дзанму-Сабура, да глыбiнi душы ўражаны сустрэчай з жанчынаю, спытаўся ў яе, цi яна гэта была на марскiм беразе, цi яна паказала атраду дарогу да чалавечага жытла, i, пачуўшы сцвярджальны адказ, назваў сваё iмя, ранейшае i цяперашняе, i расказаў сумную гiсторыю Ёсiцунэ. Яна маўчала, ён замоўк таксама i ўсё глядзеў на яе разявiўшы рот, што зусiм ужо не да твару служыцелю Буды, бо чалавек, блiзкi да бога, не павiнен здзiўляцца, а потым загаварыў зноў, i ў голасе ў яго чуўся боль за свайго пана Ёсiцунэ i крыўда i гнеў супраць старэйшага брата Ёсiцунэ - Ерытама. Не, не адмовiўся манах ад зямных спраў, не стаў сапраўдным слугою боскiм, а так i застаўся ў сэрцы сваiм васалам былога пана.
Слухаючы такiя яго словы, Хама здзiвiлася - як жа гэта, калi Ёсiцунэ загiнуў у Хiрайдзуке, яго слугi выратавалiся ўцёкамi, i толькi адзiн з дванаццацi, Бенкей, падобны на вежу, бiўся з пагоняй i сустрэў смерць грудзьмi... Але ёй было ўсё адно, i яна прамаўчала. Толькi адзiн успамiн адгукнуўся ў ёй пякучым сумам: хлопчык з пабiтымi каленямi, мурзаты, вiхрасты, урываецца ў яе келлю i просiць: "Матушка, напiцца!" - i яна падае яму ваду, i ён прагна п'е, абцiраючы далоняй кропелькi поту з крутога, бруднага лба... хлапчук, якi сустрэўся ёй пазней убогiм манахам на змучаным бурай узбярэжжы... Хама маўчала i перабiрала ружанец - супакой Божа душу яго.
