
Атрад крануўся. Касы вецер наляцеў з мора i апёк шчокi людзей калючымi ледзянымi пырскамi.
- Незразумела мне, - сказаў Сабура таму, каго ўбогi манах назваў Бенкеем, - як гэта адважылася жанчына iсцi ў дарогу па гэтай пустынi адна-аднюткая ды яшчэ ў такi ўраган. Нават калi дом яе непадалёк. Вунь i рыбакоў не вiдаць, мабыць, усе пахавалiся ў хацiнах...
- Ага... Цуды! - рыкнуў Бенкей. - I нi дарогi ж, нi сцежкi паблiзу. Мы знарок выбралi сама доўгую i сама бязлюдную дарогу, каб падмануць пагоню. Вось i наконт абвалу зманiлi.
- Не разумею ўсё-такi я, - не сунiмаўся Сабура, - як гэта маладая прыгажуня стала бiкунi-пустэльнiцай. Ты заўважыў, якiя ў яе вочы, якiя бровы? Нездарма гавораць, што ў паўночных правiнцыях шмат прыгажунь... Але тут, у такой глухаманi, i раптам - пяшчотная вясенняя кветка... Слухай, можа, яна i не пустэльнiца зусiм, а пярэварацень? Снежная дзева?
Бенкей раптам спынiўся. Словы Сабура нагадалi яму легенду, якую ён даўно чуў ад тутэйшых жыхароў.
- Ты чаго спынiўся? - спытаў Сабура, здзiўлена гледзячы на Бенкея. Пайшлi... I ўсё ж цiкава, дзе гэтая пустэльнiца магла бачыць нашага пана Ёсiцунэ?..
2
Муж у яе памёр. На сорак дзевяты дзень Хама адслужыла панiхiду па нябожчыку i вярнулася да будзённых спраў - спраў свайго дома. Яе рукi i вочы былi занятыя, але памяць жыла сваiм, асаблiвым жыццём. Памяць вяртала Хаму ў далёкiя, цяпер ужо далёкiя часы.
I ўспомнiлася ёй бура на ўзбярэжжы i выпадковая сустрэча, сведкамi якой былi мора, холад i вецер... Толькi праз дзесяць гадоў Хама даведалася, што сустрэлася тады з атрадам Ёсiцунэ. Так, не ведала яна ў тое iмгненне, што за людзi гэтыя вандроўныя манахi. Толькi адзiн быў ёй знаёмы - той у адзеннi жабрака, у глыбока насунутым на вочы саламяным капелюшы. Памяць падказала ёй, хто ён, свавольнiк-хлапчук, смуглы, скуласты, раскудлачаны, з падзёртымi да крывi каленямi... Ага, той самы хлопчык, якi часцяком - у яшчэ больш далёкiя часы - прыбягаў напiцца ў яе келлю каля сталiцы Кiота.
