
I тады мужчына ўстаў, i працягнуў рукi, i павёў яе ў келлю. А на галерэю, якая караблём плыла ў сонечным патоку, прыляцелi птушкi нябесныя, збеглiся малпы з блiжняга лесу i раскiдалi насенне лiставой капусты, пакуль iх не напалохаў воклiч радасцi Хамы.
А мужчына з сумам думаў, што сiла яго сыходзiць, што ён старэе...
I меў ён рацыю, калi гаварыў пра неспакойнасць смутнага часу. Мiжусобiцы не сцiхалi, правiцелi падаўлялi народ, народ бунтаваў, i кожны - крыўдзiцель i пакрыўджаны караў нi ў чым не вiнаватую зямлю агнём i мячом. Вёскi гарэлi, i сяляне, якiя ўзнялiся з выгарэлай зямлi, iшлi бадзяцца па дарогах.
Аднойчы натоўп здзiчэлых людзей, якiя выпадкова праходзiлi мiма, уварваўся ў хацiну i збiў мужчыну да смерцi, таму што ён не хацеў аддаць дзве дзяругi, што закрывалi ўваход у келлю.
Мужчына, некалi магутны воiн, нядоўга супрацiўляўся: быў ён ужо не малады i сiла яго згасла. Труп яго, раздзеты дагала, кiнулi ў снег.
А Хамы не было - яна пайшла ў сяло па мiласцiну...
3
А потым...
Хама ўспамiнала. Яе пальцы, якiя прывыклi перабiраць ружанец, цяпер перабiралi пажоўклыя лiсты паперы - памятныя нататкi пра былое.
А потым насталi ўжо зусiм страшныя часы. Ода Набувага напаў на князя Асакуру. Услед за гэтым Тоетомi Хiдресi пайшоў уцiхамiрваць паўночныя правiнцыi. Як жа любяць мужчыны займацца забойствам, войнамi i пралiваць кроў. Хiба ёсць у гэтым сэнс - адбiраць адзiн у аднаго па чарзе землi i плацiць сваiм жыццём за чужое жыццё?..
У памятных запiсах было шмат iмёнаў - усё, што засталося ад людзей, якiя былi некалi цёплай i жывой плоццю. Добра, хоць iмёны захавалiся - як бы iначай яна памiнала iх у сваiх малiтвах?
