Робат, пакруцiўшы пiсталет, прывычным рухам засунуў яго ў кабуру i павярнуўся да Пасько. Пасько зiрнуў i пахаладзеў ад жаху. Праз пластык на яго глядзелi... жывыя вочы. Пастаяўшы з хвiлiну, нiбы ў роздуме, робат зрабiў крок, другi...

Пасько ляжаў i думаў, што яму рабiць, бо нацiснуць кнопку нажа ён ужо чамусьцi не адважваўся. А робат, прабегшы трохi, раптам заскакаў на адной назе, выкрыкваючы нешта незразумелае. Потым, крутануўшыся, сарваў шлем скафандра...

Пасько закрычаў. Гэта быў... чалавек. Блiснулi i замерлi, ашклянеўшы, вар'яцкiя вочы. Галава некалькi разоў сутаргава перасмыкнулася, адкрыты рот хапаў яшчэ пустату, а ногi падкасiлiся, i тулава асунулася ўнiз. Пасько не паспеў нават падхапiцца, як усё скончылася.

Ён загiнуў, забраўшы з сабой тайну гiбелi Пунтуса i Марцалiса. Загiнуў бессэнсоўна, хаця i перажыў, дзякуючы субсветавой хуткасцi зоркалёта, сваю эпоху. Яго смерць з'явiлася завяршэннем яго вар'яцтва. Хутчэй за ўсё з каманды таго карабля ён быў апошнiм. Пасько дапускаў, што чалавек, страцiўшы надзею вярнуцца на Зямлю, можа звар'яцець. Але чаму вар'яцтва набыло такiя чалавеканенавiснiцкiя, крыважэрныя формы? Пасько адчуваў, што не зможа вярнуцца на базу, не высветлiўшы гэтай акалiчнасцi.

Накрыўка ўваходнага люка зоркалёта была адкiнута - яшчэ адно сведчанне гiбелi экiпажа. Пасько па трапе падняўся ў дэзакамеру. Пераступiўшы парог, ён апынуўся ў цёмнай кабiне. Пастаяў, нiбы праходзiў там дэзiнфекцыго, вобмацкам знайшоў дзверцы i перабраўся ў калiдор. Аварыйная электрастанцыя, напэўна, ужо таксама не працавала. У калiдоры цемра здавалася яшчэ гусцейшай. Пасько пасвяцiў лiхтарыкам. Вузкi, доўгi калiдор нахiленага зоркалёта крута падымаўся ўгару.



10 из 15