Трымаючыся за парэнчы, Пасько зрабiў крок i спынiўся. Яму здалося, што ўся шматтонная аграмадзiна зоркалёта быццам зацiскала яго шэрымi металiчнымi сценамi.

Святло лiхтара выхоплiвала з цемры дзверы кают, якiя цягнулiся ўздоўж калiдора. Пасько прайшоў да рубкi ў самым носе карабля, адкрываючы адну за другой каюты i не адважваючыся заходзiць у iх.

Дзверы рубкi былi зачынены. Гэта яго здзiвiла. Падумаўшы крыху, ён падняў плазменны нож.

Чырванаватая нiтачка быццам абматала ручку дзвярэй, варухнулася i прапала. Аўтаматычны запор бясшумна вывалiўся на падлогу, слiзгануў па назе i пакацiўся ўнiз, мiгаючы апалiнай. Пасько нацiснуў на створкi i ўвайшоў у рубку. Iлюмiнатары былi занавешаны няшчыльна. Вузкiя палоскi святла лiлiся ў памяшканне, ствараючы ўражанне, што ўсе прадметы навокал пярэстыя. Пасько адсунуў фiранкi. У рубцы пасвятлела, на яго патыхнула запусценнем.

У кутку ляжаў на крэсле скамечаны свiтэр. На стале i пад сталом былi раскiданы плёнкi, карты, з iмi побач - кансервавыя бляшанкi, нейкая ежа... Ходавая рубка, напэўна, была апошнiм прыстанiшчам апошняга члена экiпажа.

Кароткi сiгнал напомнiў, што ў балонах засталося роўна палавiна кiслароду. Гэта вярнула Пасько да рэчаiснасцi. Досыць сузiрання! Трэба дзейнiчаць, i ён падышоў да пульта. Толькi тут яшчэ цеплiлася жыццё, самастойнае, незалежнае ад былых гаспадароў. Мiгцелi рознакаляровыя iндыкатары, дрыжалi стрэлкi на асветленых цыферблатах, жывячыся з нейкай крынiцы энергii. I не было iм нiякай справы да таго, што ўжо нiхто не паверне стартавы тумблер, не прагучыць па ўсяму зоркалёту прызыўны загад: "Гатоўнасць нумар адзiн".

Перад пультам два крэслы - пiлота i штурмана. Пасько сеў на штурманскае. У iм яму здалося больш прывычна, ён нават памацаў некаторыя кнопкi, нiбы там у сябе на "Валдаi". Хутчэй выпадкова, чым па натрэнiраванасцi, трапiў пальцам на патрэбную кнопку. Штурманскi экран раптам засвяцiўся.



11 из 15