Некалькi секунд на iм чарнела нерухомае неба Бальдара, знаёмае Пасько па нядаўнiх назiраннях, потым паплыло, быццам зоркалёт зрушыўся з месца. Адно за другiм на экране ўзнiкалi невядомыя сузор'i, праз якiя цягнулася тонкая сiняватая лiнiя з мiнiяцюрным зоркалётам на канцы. Па яго руху Пасько здагадаўся, што кадры з трасай палёту плывуць у адваротным парадку. Цяпер гэта не мела iстотнага значэння. Шлях можна было прасачыць.

Зоркалёт нiдзе не рабiў пасадкi, Толькi зусiм нямнога не даляцеўшы да сiстэмы Сiрыуса, ён на нейкi час спынiўся i чамусьцi павярнуў назад. Напэўна, здарылася нешта непрадбачанае, калi каманда прыняла такое рашэнне, не выканаўшы задання. Пасько стаў шукаць вахценны дзённiк - можа, ён растлумачыць прычыну.

Гуказапiсы назiранняў дзяжурных ён знайшоў у невялiкай скрынцы з палiцамi, уманцiраванай у сцяну побач з пультам. Дзённiк быў звычайны, падобны на тыя, якiя здаўна вялi на марскiх, а потым i на касмiчных караблях. Дата. Каардынаты. Паказаннi прыбораў. I нiводнага слова, якое выказвала б эмоцыi або давала якую-небудзь ацэнку падзеям.

Павольна круцiўся дыск, на розныя галасы паведамляючы амаль адно i тое ж. Пасько слухаў, паступова трацячы ўважлiвасць пад уплывам безлiчы абстрактных для яго лiчбаў i кодаў. I раптам адна фраза вярнула яго да рэчаiснасцi. У шлемафоне, падключаным да гуказдымальнiка, пачулася нешта новае: "Памёр Майкл. Цяпер нас толькi трое".

У голасе адчувалася разгубленасць. Пасько паскорыў рух дыска. Праз трыццаць запiсаў зноў: "Здаравяк Бент, непахiсны Бент не прачнуўся. Не разумею". Пасько стала не па сабе: столькi адчаю было ў гэтых словах. А пазней той самы касманаўт зазначыў: "Непакоiць Ральф. Чаму на планетах павiнны быць пачвары ў вобразе чалавека?.. А дадому так далёка".

Вiдаць, аўтар запiсу быў моцны чалавек. Да канца плёнкi Пасько не пачуў больш нiводнай скаргi. I гэтага моцнага чалавека, мабыць, таксама не стала. Запiс абарваўся, нiчога не паведамiўшы пра пасадку. Значыць, выжыў толькi Ральф, той самы звар'яцелы Ральф?



12 из 15