
- Паедзе Пасько. - Падумаўшы, дадаў: - Ён - апошнi.
Толькi зараз Пасько зразумеў, чаго каштавала капiтану гэтае рашэнне. Ён неяк аж пастарэў за апошнiя суткi, яго доўгая фiгура здавалася яшчэ даўжэйшай, а вакол вачэй густой сеткай паглыбелi маршчынкi.
З каюты капiтана ўсе выходзiлi моўчкi. I Пасько ведаў прычыну. Кожны з iх аддаў бы жыццё, ратуючы таварышаў, i таму нiхто не мог згадзiцца, што ў выпадку яшчэ адной няўдачы iм прыйдзецца вяртацца. Але яны разумелi i тое, што, прымаючы рашэнне, капiтан браў на сябе не толькi вялiкую адказнасць. Ратуючы iх, жывых, ён ужо нiколi не зможа апраўдацца i перад тымi, мёртвымi, якiя, можа, жывуць i чакаюць дапамогi, i перад сваiм сумленнем.
Збiраючыся ў дарогу, Пасько думаў, што, напэўна, капiтан усё-такi дапусцiў памылку. Не цяпер. А тады, калi адправiў першага разведчыка аднаго, а не двух. Магчыма, удвух яны лепш арыентавалiся б, сустрэўшы небяспеку, што чакала iх у катлавiне. Капiтан паспадзяваўся, мабыць, на ахоўныя здольнасцi аўтаматаў, бо, павагаўшыся, катэгарычна сказаў, што паедзе адзiн разведчык. Але аўтаматы, здаецца, не апраўдалi яго спадзяванняў.
Катлавiна пачыналася з раўнiны, на якой зрабiў пасадку "Валдай". Ад карабля да яе было каля чатырохсот кiламетраў. Сама па сабе яна не зацiкавiла б касманаўтаў, як i ўвесь Бальдар - гэта сiняя планета, пазбаўленая атмасферы i якiх-небудзь прыкмет жыцця. Для iх ён быў толькi часовай пасадачнай пляцоўкай. Але, аблятаючы Бальдар, у катлавiне яны заўважылi сiгарападобнае цела, якое вельмi нагадвала зямныя зоркалёты ранняй касмiчнай эпохi.
Пасько выехаў на ўсюдыходзе, калi яшчэ была ноч.
Электронны вадзiцель вёў усюдыход плаўна, амаль без штуршкоў. Нават здавалася, што наогул няма нiякага руху. I тады Пасько, паглядаючы на яркiя аднастайныя зоркi чужога неба, уяўляў сябе ў кабiне касмiчнага карабля, якi згубiўся ў бясконцай прасторы. Выбiраючы зручную дарогу, электронны вадзiцель рабiў паварот, усюдыход уздрыгваў, i тады Пасько вяртаўся да думак аб сваiм становiшчы.
