Ён не баяўся. Яму толькi хацелася хутчэй разабрацца, што ж усё-такi здарылася з таварышамi.

Перад выездам ён разам з капiтанам яшчэ раз прагледзеў здымкi катлавiны. Усё тое ж самае: у непрыступных скалiстых гарах, навiслых над абрывам, узвышаўся блiскучы сiгарападобны прадмет з купалам наверсе.

- Думаеш, зямны? - спытаў тады Пасько.

- Хутчэй за ўсё, - адказаў капiтан. - Падабенства вялiкае.

Пасько здалося, што ён хацеў нешта сказаць яшчэ, але не сказаў i, развiтваючыся, толькi кiўнуў галавой.

Вяршынi гор святлелi - пачынаўся дзень. А тут, у катлавiне, беспрасветная цемра на кожным метры яшчэ супрацiўлялася халодным праменням ранiшняга бальдаравага сонца, якiя нiбы сцякалi з гор.

Серабрысты купал быў на ранейшым месцы, вытыркаючыся з-за кальца скалiстых пiкаў. Ад увахода ў катлавiну да гэтага купала заставалася кiламетраў пяць. Пасько навёў тэлеўстаноўку. На экране ружовымi iскрамi ўспыхнулi скалы i сярод iх - купал. Нерухомы, як манумент, як помнiк. Пасько падумаў, што, напэўна, i яго сябрам гэты зоркалёт здаваўся своеасаблiвым помнiкам узлёту чалавечага розуму. I раптам першае сумненне, яшчэ няяснае i слабае, варухнулася ў яго галаве, пасеяўшы ў сэрцы трывогу.

Далей дарогi не было, бо побач стаялi яшчэ два ўсюдыходы, пакiнутыя тут Пунтусам i Марцалiсам. Пасько выключыў рухавiк, зразумеўшы, што далей давядзецца iсцi пехатой.

Перш чым пайсцi, ён зноў паглядзеў на купал. Малюнкi падобных зоркалётаў ён помнiў з падручнiкаў, па якiх некалi вучыўся ў штурманскай школе. Гэта, несумненна, быў зоркалёт, пабудаваны на Зямлi. Адна з першых мадэлей, здольная развiваць субсветавую хуткасць, пабудаваная амаль дзвесце гадоў назад. Дзвесце гадоў! Халодныя мурашкi пабеглi ў Пасько па спiне. Ён нiбы дакрануўся да сiвой мiнуўшчыны, якая выпадкова прыадкрыла перад iм адну са сваiх трагiчных старонак.

Першым жаданнем было кiнуцца да знаходкi. Ён ужо быў зрабiў некалькi крокаў, але авалодаў сабой i спынiўся. Гэты ж самы купал бачылi i Пунтус з Марцалiсам. Яны, мабыць, таксама адразу ж кiнулiся да зоркалёта, не радзiраваўшы папярэдне на "Валдай". Чаму? Адзiн з iх быў пiлот, другi iнжынер. Яны, вiдаць, пазналi зоркалёт, можа, нават нешта аб iм ведалi i не палiчылi патрэбным паведамiць капiтану. Што яны ведалi пра зоркалёт?



3 из 15