У шлемафоне ў адказ не пачулася нi гуку. Гэта трохi ахаладзiла ўзбуджанага Пасько. Ён пастаяў хвiлiну над целам таварыша, потым, каб не згубiць гэтае месца, паставiў на скалу пусты кiслародны балон i пайшоў далей.

Дзень увабраўся ў сiлу. Сонца свяцiла ярка i, напэўна, горача, бо там-сям трэскалiся скалы, бязгучна апаўзаючы ўнiз па стромкiх схiлах цяснiны. Пасько iшоў асцярожна, стрымлiваючы ўвесь час жаданне пераскочыць цераз расколiны, якiя адна за адной траплялiся на яго шляху. Яны здавалiся вузкiмi, той край блiзкiм. А кiнеш камень, каб праверыць, i толькi тады зразумееш сапраўдную адлегласць i глыбiню - у беспаветранай прасторы ўсё выглядала падманлiвым.

Хутка зноў паказаўся корпус зоркалёта, да часу схаваны гарой. Сам не ведаючы чаму, Пасько насцярожыўся. Потым здагадаўся - Марцалiс ляжаў тварам да зоркалёта.

З таго месца, дзе стаяў Пасько, можна было апусцiцца ўнiз у далiну, якой заканчвалася катлавiна. Можна было дабрацца таксама i да зоркалёта, да якога вёў вузеньк! карнiз, навiслы над бяздоннем. Пасько ўжо вырашыў iсцi па карнiзу, як раптам заўважыў, быццам на зацененым баку ўспыхнуў i адразу згас слабы агеньчык. Пасько паморгаў вачыма, баючыся, што гэта яму здалося, i палез унiз.

Ён быў упэўнены, што Пунтус там, i не вельмi сачыў за дарогай. I толькi азiрнуўшыся, спынiўся як укапаны. Пад скалой, на якой узвышаўся зоркалёт, ляжаў Пунтус. Ён быццам аступiўся i пакацiўся, затрымаўшыся на момант на вострых каменнях. Але... I ў яго быў адкiнуты гермашлем, як у Марцалiса.

Пасько ахапiў жах. Усё, што ён убачыў тут, было падобна на нейкую страшэнную казку. Апошнiя сумненнi знiклi: побач з зоркалётам павiнен быць нехта трэцi. I, нiбы пацвярджаючы яго думку, прыёмнiк, аўтаматычна настроiўшыся, выхапiў з цiшынi ўрывак фразы - невыразнае мармытанне. Голас быў бясстрасны, як нежывы.

Пасько паслухаў яшчэ i з палёгкай уздыхнуў: робат. Усё тлумачылася вельмi проста. Аўтаматы надоўга перажылi экiпаж i прывялi зоркалёт на гэтую планету - яна трапiлася на iх шляху выпадкова. Запраграмiраваныя на дзеянне, робаты пакiнулi карабель i разбрылiся. Адзiн з iх уцалеў да гэтага часу. Толькi, вiдаць, нешта ў iм сапсавалася, бо, спачатку забiўшы людзей, ён потым спрабаваў дапамагчы iм i зрываў з iх гермашлемы, пускаў у твар струмень кiслароду.



8 из 15