Не выбiраючы дарогi, Пасько скацiўся ўнiз i падбег да чалавека. Гэта быў Марцалiс. Як жывы, хаця шлем яго быў адкiнуты. Пасько павярнуў таварыша на спiну. На твары, у шырока расплюшчаных вачах Марцалiса застылi боль, раптоўны спалох i яшчэ штосьцi такое, чаго нiяк нельга было зразумець. На целе нiякiх слядоў, якiя маглi б растлумачыць, чаму адкiнуты шлем.

Зняможаны, Пасько прыхiлiўся да скалы. Тысячы пытанняў блiскавiцамi працiналi мозг. Атрымлiвалася нешта неверагоднае: спачатку Марцалiс памёр, а потым узяў i адкiнуў шлем i тым самым аўтаматычна выключыў рацыю. Але гэтага, безумоўна, ён сам зрабiць не мог. Тады - хто?

Толькi цяпер Пасько звярнуў увагу на запасныя кiслародныя балоны, якiя ляжалi побач з Марцалiсам. Яны былi з адкручанымi венцiлямi - без газу. Падобна на тое, што некаму спатрэбiўся кiсларод, i ён перагнаў яго па шлангу ў другiя балоны.

Думка апалiла Пасько, напалохала неверагоднасцю. Ён гнаў яе прэч, а яна лезла ў галаву, вырастаючы, засланяючы сабой усё астатняе. Пунтус пайшоў раней на цэлыя суткi. Яго кiсларод ужо скончыўся. Пунтус?! Пасько аж зубамi заскрыгатаў ад злосцi на сябе. Як ён мог хоць на iмгненне дапусцiць такое? Хiба Пунтус, з якiм пройдзена столькi касмiчных шляхоў, яго сябар, якi заўсёды падстаўляў плячо дапамогi таварышу, мог рашыцца на гэта? А калi не ён, то хто? Iх тут было толькi двое - Марцалiс i Пунтус. Адчуваючы, што хутка i ён заблытаецца ў гэтай д'ябальшчыне, якая навалiлася на яго, Пасько прысеў каля цела Марцалiса, пастараўся засяродзiць думку на ўбачаным.

Надзея, з якой ён адпраўляўся на пошукi таварышаў, зменшылася напалавiну. Адзiн загiнуў. А другi, магчыма, яшчэ жывы. Можа, ён, Пунтус, натрапiўшы на труп Марцалiса, забраў яго поўныя балоны i цяпер недзе блiзка, побач i чакае дапамогi? Пасько зноў вылаяў сябе: як гэта не прыйшло яму ў галаву раней? Ён нават закрычаў: "ПунтусI Пунтус!"



7 из 15