
Ён не памылiўся. Камета захапiла новае цела. Яно, напэўна, паспела ўжо абрасцi льдом i таму, вiдаць, страцiла сваю першапачатковую форму. Аднак Зыль быў перакананы ў гэтым, цела не было астэроiдам. Яно нагадвала... Зыль павялiчваў i павялiчваў здымак. I раптам у яго аж дух захапiла. Нягледзячы на напластаваннi, можна было прасачыць першапачатковую форму цела. Прадаўгаватае, з кальцом на канцы, яно было падобна на... зямны зоркалёт мiнулага стагоддзя.
Зыль выключыў павелiчальнiк. Ён выйшаў з лабараторыi, адчуваючы, як унутры палiць думка: а раптам гэта сапраўды зямны зоркалёт?
У бiблiятэцы ён доўга праглядаў фiльмы аб усiх зоркалётах, якiя калi-небудзь адпраўлялiся ў прастору. Частка з iх ужо вярнулася, некаторыя, як той самы з Капэлы, паведамiлi аб сабе, пра вяртанне iншых гаварыць пакуль рана, бо iх шлях вельмi доўгi.
Зыль ведаў, што аб сваiх назiраннях i роздуме ён павiнен паведамiць на Зямлю. I разумеў, што гэта ўрэшце нiчога iстотнага не дасць. Калi ён не вырашыць загадку тут, то на Зямлi яе тым больш не адгадаюць. Адтуль камету не ўгледзiш, а на перагаворы будзе патрачана некалькi дзён - лазераграма ад Плутона да Зямлi iдзе больш пяцi гадзiн. За гэты марна патрачаны час Пялёстак знiкне з поля зрочу Плутонавага тэлескопа.
Што ж, хоць гэта i яўнае парушэнне правiл, ён паспрабуе выкарыстаць тыя нямногiя гадзiны, якiя дае яму камета. Ён паспрабуе сам дабрацца да iсцiны.
Зыль прыняў за аснову меркаванне, што гэта зямны зоркалёт. Яму было пакуль не так ужо важна, якi ён i адкуль вяртаўся. Галоўнае, што зоркалёт чамусьцi страцiў здольнасць да самастойнага руху ў прасторы i таму мае патрэбу ў дапамозе.
