
Гэта, бадай, крыху смелы вывад, але, як нi круцi, iншага не прыдумаеш. А за iм следаваў другi - абавязкова паведамiць на Зямлю.
Усё ўпiралася ў Зямлю.
Зыль уздыхнуў. Паслаўшы справаздачу, ён тым самым пазбаўляў сябе адказнасцi за наступны ход падзей. Ён жа толькi начальнiк касмадрома, i ў яго няма ў падначаленнi службы выратавання караблёў. Для гэтага iснуюць спецыяльныя атрады, якiя базiруюцца ў цэнтры Сонечнай сiстэмы. Яны, безумоўна, прыйдуць на дапамогу. Аднак тут ёсць невялiкiя няўвязкi. Першая час, якi спатрэбiцца караблям-выратавальнiкам, каб дабрацца да мэты, i другая - не выключана, што ён наогул памылiўся i гэта нiякi не зоркалёт.
I Зыль вырашыў зрабiць па-свойму, хай сабе гэта i будзе службовым парушэннем. Iншага выйсця ён не бачыў.
Праз гадзiну Зыль сабраў свой нешматлiкi калектыў. Пазнаёмiўшы таварышаў са становiшчам, ён сказаў намеснiку:
- Палячу я, падрыхтуй "Барса".
- Табе нельга, - запярэчыў намеснiк.
- Урачы? - з горыччу спытаў Зыль. - А ў тых, хто, магчыма, трапiў у пераплёт там, у прасторы, можа, здароўе яшчэ горшае. - I, быццам канчаючы размову, загадаў: - Я склаў усе матэрыялы. Паведамiце на Зямлю, калi стартую. Зоркалёт з Капэлы прымiце без мяне.
Пяцiмесны "Барс" быў адзiны карабель, што стаяў на ўсякi выпадак на касмадроме Плутона. Ён мог развiваць хуткасць крыху вышэйшую, чым унутрысiстэмныя планеталёты, але да гэтага часу яму нi разу не даводзiлася адрывацца ад Плутона. Зыль не меў дыплома пiлота. Кiраваць "Барсам", калi здарыцца выпадак, павiнен быў iншы. Але i на гэты раз Зыль парушыў правiлы, адправiўшыся адзiн. У свой час, пазбаўлены магчымасцi скончыць школу астралётчыкаў, ён усё-такi асвоiў спецыяльнасць пiлота самастойна. I пазней, ужо на Плутоне, нiбы прадбачачы гэты выпадак, часта забiраўся ў кабiну "Барса" i ўяўляў сябе яго капiтанам. Ён вельмi любiў космас.
