
I вось надышоў час, калi "Барс" i Пялёстак пачалi зблiжацца. Мiнула некалькi дзён, i Зыль заўважыў, што цела, якое ён палiчыў за касмiчны карабель, перамясцiлася - яшчэ блiжэй да ядра. Яно няўмольна прыцягвала яго, як магнiтам. На ўсякi выпадак Зыль паслаў да каметы лакатарны прамень. Ён вярнуўся. Цела, захопленае каметай, аказваецца, утрымлiвала метал.
За суткi да сустрэчы Зыль ужо не сумняваўся, што перад iм зоркалёт, якi нейкiм чынам стаў палоннiкам вялiкай каметы. I ў гэты ж час "Барс" пачаў манеўр па зблiжэнню, якi ўрэшце прывёў да стыкоўкi. Але памiж пачаткам i канцом стыкоўкi праляглi гадзiны напружанай працы, дакладных i небяспечных манеўраў.
Зыль пазнаў клас зоркалёта. Такiя караблi будавалi сапраўды ў мiнулым стагоддзi, ён не памылiўся тады, калi разглядаў яго з Плутона. Тры з iх адправiлiся за межы сiстэмы. Адзiн ужо вярнуўся - гадоў пятнаццаць назад. Зыль сам сустракаў яго на Плутоне. Два астатнiя чакалi значна пазней. Якi ж з iх так няўдала шукае дарогу дадому?
На бартах зоркалётаў не пiсалi нумароў або назваў. Напаткаць земляка ў Сусвеце было гэтак жа неверагодна, як чакаць, напрыклад, сустрэчы Месяца з Фобасам або Ганiмедам. А для iстот iншай цывiлiзацыi наша назва не мела нiякага значэння. Аднак i для Зыля гэта зараз не мела значэння. Хто б там нi быў у зоркалёце, ён, напэўна, чакаў дапамогi.
У суцэльным месiве льдзiнак i пылiнак, прыцягнутых вялiзнай масай каметы, Зыль вобмацкам дабраўся да ўваходнага адсека. Нерашуча, баючыся хуткай сустрэчы з нечым, вiдаць, страшным, можа нават са смерцю, увайшоў у шлюзавую камеру.
Прыборы працавалi спраўна. Зыль падышоў да ўвахода ва ўнутраныя памяшканнi карабля. Зялёны агеньчык сведчыў, што там нiчога небяспечнага няма. Зыль хацеў распрануць лёгкi ахоўны касцюм, але перадумаў. Адчынiўшы дзверы, ён увайшоў у галоўны калiдор. Няярка свяцiлi нябачныя плафоны. Так звычайна было, калi экiпаж пакiдаў зоркалёт.
Зыль нездарма рыхтаваў сябе да космасу, вывучаў будову розных касмiчных караблёў. Ён ведаў, што i дзе знаходзiцца, i прамым шляхам пайшоў да цэнтральнай рубкi.
