Спяшаючыся, Зыль адразу даў вялiкае паскарэнне. Сiла перагрузкi прыцiснула яго да крэсла, зацягнула вочы туманам. Праз мутную чырванаватую заслону ён убачыў развiтальныя агнi стартавай пляцоўкi. Яны былi, як зоркi, толькi ў адрозненне ад iх памiргвалi, пералiваючыся рознакаляровымi iскаркамi. А мо ён ужо гэтага не бачыў, а толькi ўяўляў па памяцi. Разумеючы, што ўжо нестае сiлы адольваць гэтыя шматлiкiя "жы", ён апошнiм намаганнем перадаў кiраванне аўтаматам i пагрузiўся ў балючую i трывожную дрымоту.

Апрытомнеў Зыль не адразу. Спачатку ён адчуў, як раз-пораз на яго наплываюць нейкiя незвычайныя хвалi, несучы з сабой даўно забытую лёгкасць, нiбы ў дзiцячым сне, калi плывеш над зямлёй, як птушка. Прыйшлi на памяць трэнiроўкi ў час вучобы. Але чаму так баляць рукi i ногi? Расплюшчыўшы вочы, ён са здзiўленнем убачыў, што плавае ў паветры, а пад iм - i крэсла, да якога ён забыўся прышпiлiцца, i пульт з прыборамi, i iлюмiнатар, у якiм блiшчаць зорныя россыпы. I зараз жа прыйшоў боль: ламiла грудзi, цяжка пульсавала ў галаве.

З iронiяй адзначыў, што медыкi, вiдаць, не памылялiся. I тут жа адчуў радасць, што ён аказаўся мацнейшы, чым пра яго думалi. Не зважаючы на боль, ён апусцiўся ў крэсла, каб вызначыць месца свайго знаходжання ў прасторы.

"Барс" iмчаўся па зададзеным курсе, дасягнуўшы амаль мяжы сваёй хуткасцi. Але, каб дагнаць камету, гэтага было мала. Яна нiбы наўмысна заклала вiраж, робячы дзесяткi тысяч кiламетраў у гадзiну.

Мiналi гадзiны. Зыль правёў iх за карабельным тэлескопам. Пялёстак, здаецца, захоўваў першапачатковую адлегласць. Зыль ужо хацеў уключыць рухавiкi, каб павялiчыць хуткасць, як раптам успомнiў: гэта ж Пялёстак. I задаў праграму лiчыльнай машыне вызначыць "Барсу" новы курс.

Неўзабаве "Барс" пачаў паварот убок. Не, не дарэмна Зыль трацiў некалi час, вылiчваючы арбiту любiмай каметы. Як бы хутка яна нi ўцякала, у прасторы ўжо вызначана кропка, дзе "Барс" сустрэнецца з ёю.



12 из 19