
Зыль, не адрываючыся, глядзеў на касманаўта. Ён шукаў у iм, чалавеку, чыё жыццё было для яго заўсёды недасягальнай марай, нейкiя незвычайныя адметныя рысы. Шукаў i не знаходзiў. Звычайны, як i ўсе людзi. А якi ён быў там, у прасторы?
На касмадроме Плутона час ад часу садзiлiся зоркалёты. Зыль сустракаў iх экiпажы, сачыў, каб былi захаваны каранцiнныя патрабаваннi. I часам шукаў выпадку блiжэй пазнаёмiцца з самiмi касманаўтамi, даведацца, што iм адкрылася там, ля чужых далёкiх зорак?
Касманаўты былi на дзiва негаваркiя. Спачатку Зыль крыўдаваў на iх, думаў, гэта ад фанабэрыi. Потым зразумеў, што крыўдуе дарэмна. Гэтыя людзi сталi скупыя на словы i пачуццi праз тыя выпрабаваннi, якiя выпалi на iх долю. Яны былi як бы над часам, бо належалi дзвюм эпохам - той, з якой выйшлi, i другой - у якую прыйшлi. Але нi адна з гэтых эпох не магла сказаць, што яны належаць менавiта ёй.
Гэтыя людзi, iх называлi рэлятывiстамi, належалi толькi планеце Зямля. Яны адпраўлялiся ў прастору i загадзя хавалi сваiх блiзкiх, асуджаючы сябе ў будучым на адзiноту. Яны вярталiся i вельмi часта не разумелi сваiх новых сучаснiкаў, як тыя не разумелi iх. Яны шмат бачылi, паспелi пераацанiць тое, што лiчылi важным некалi даўно, на Зямлi, у паўсядзённым жыццi. Гэта не праходзiла бясследна.
Цiкаўнасць Зыля - зусiм зямнога чалавека - яны проста не прымалi, цэнячы нешта сваё, адным iм вядомае i дарагое.
Што iм такое адкрывалася ў прасторы? Зыль лiчыў iх жыццё подзвiгам, а яны, пачуўшы гэта слова, звычайна недаўменна пацiскалi плячамi. А можа, прастора была для iх тым месцам, дзе яны хацелi знайсцi сваё цэлае?
I гэты касманаўт... Цi дасягнуў ён сваёй мары?
Зыль паглядзеў на яго i падумаў, што жыццё гэтага чалавека, прынамсi ў апошнi час, было нялёгкiм. Стома, заклапочанасць, нягледзячы нi на што, не сцерлiся з яго твару.
Трэба было нешта рабiць, дзейнiчаць. Зыль павярнуўся да пульта. Як сведчылi сiгнальныя агеньчыкi, толькi ў чатырох каютах былi людзi. Зыль па чарзе ўключаў сувязь. На экране кожны раз з'яўляўся ложак i чалавек, якi нерухома, як i гэты ў рубцы, ляжаў на iм. А куды дзелiся астатнiя?
