Пад руку Зылю трапiла кнопка сiгналу агульнай трывогi, i ён нацiснуў яе. Непрыемны гул нiзкага тэмбру, здалося, папоўз на яго з усiх бакоў. Зыль сцепануўся, уявiўшы сабе, як дзейнiчала гэта, калi небяспека ўзнiкала на самай справе. I паспяшаўся выключыць сiгнал.

Нiчога наўкола не змянiлася, хаця Зыль у глыбiнi душы спадзяваўся, што нешта здарыцца. Касманаўты - i гэты, што быў побач з iм, i астатнiя, якiх ён зноў убачыў праз тэлесувязь, - на сiгнал трывогi не адрэагавалi. Зыль яшчэ раз зiрнуў на прыборы i падумаў, што трэба агледзець карабель. Ён падняўся з крэсла, зрабiў крок да дзвярэй i спынiўся. На парозе стаяў робат.

- Ты хто?.. - разгубiўся Зыль.

- Мефiстофель... - флегматычна адказаў робат.

Апамятаўшыся, Зыль засмяяўся: робат сапраўды быў вельмi падобны на свайго славутага цёзку: меў бараду i нарасцi над iлбом, якiя нагадвалi рогi.

- А ты хто? - пасля паўзы ў сваю чаргу спытаў робат, уважлiва гледзячы на Зыля.

- Зямлянiн.

Збоку гэтая размова магла здацца камiчнай. Але Зыль разумеў, што тут не да жартаў. Робат, магчыма, быў зараз адзiным сведкам усяго таго, што здарылася з зоркалётам i яго экiпажам.

- Я зямлянiн, - паўтарыў ён, - на Плутоне прынялi ваша паведамленне.

Робат маўчаў.

- Раскажы, хто вы i што з вамi здарылася, - дадаў Зыль. Размаўляць праз шлемафон было нязручна, i ён пачаў расшпiльваць гермашлем.

Флегматычны робат раптам страпянуўся i засцерагальна ўскiнуў руку.

- Скафандр скiдаць нельга, - пачуў Зыль у навушнiках нечакана рэзкi голас робата.

- Чаму? - запытаў ён.

- Атмасфера планеты Зялёнага сонца трапiла ўнутр карабля, - адказаў робат, супакоiўшыся зноў.

Гэта было ўжо нешта новае. Зыль сеў i загадаў:

- Як назва зоркалёта? Я чакаю!



16 из 19