Небяспекi не чакалi нi яны, нi мы. Гэта атрута падзейнiчала толькi на <нас. Яна выклiкае ў чалавека стан, падобны на анабiёз - у шмат разоў замаруджваюцца ўсе працэсы ў арганiзме. Але ў адрозненне ад штучнага анабiёзу, з гэтага мы не ведаем, як выйсцi. Не ведаюць i жыхары Iнзi. Я адзiн быў у караблi, калi гэта здарылася. I мы дамовiлiся: палову экiпажа я павязу на Зямлю, каб паспрабаваць вярнуць да нармальнага жыцця. А астатнiх яны паспрабуюць выратаваць самi.

Дзеля чаго я згадзiўся на гэта? Зямля павiнна ўстанавiць кантакт з Iнзi. Памiж намi вельмi шмат агульнага. Але я не спадзяюся на свае сiлы. Напэўна, атрута крыху падзейнiчала i на мяне - я не закрыў люк, калi да нас наблiзiўся планеталёт iнзiйцаў. Думалася, у гэтым няма патрэбы. Я супрацiўляюся сну. Але раптам не давяду "Салют" да Зямлi? Тады загiне ўсё, пра што мы даведалiся. Вось таму i пакiнуў я сваiх сяброў на Iнзi. Калi iх выратуюць, яны прыляцяць з iнзiйцамi на iх зоркалёце. Калi не, то, знаходзячыся ў гэтым сне, яны змогуць дачакацца новай экспедыцыi. Мая адзiная надзея - Мефiстофель. Ён павiнен замянiць мяне..."

Мефiстофель пстрыкнуў тумблерам. Экран пагас. Зыль зiрнуў на робата, i яму здалося, што зараз Мефiстофель нiбы пабольшаў, расправiў свае металiчныя плечы, адчуваючы ўсю важнасць ускладзенай на яго задачы.

- Што было далей? - спытаў яго Зыль.

- Ран з кожным днём рабiўся ўсё больш вялы. У яго ледзьве хапала сiлы, каб даваць мне патрэбныя iнструкцыi. А потым ён мяне ўжо не выклiкаў да сябе.

Зыль зразумеў, што больш ад Мефiстофеля ён не даведаецца нiчога iстотнага. Што ж, цяпер усё зразумела. Перш-наперш трэба вяртацца на Плутон. Зыль прабег вачамi па цыферблатах. Палiва заставалася толькi на пасадку. Але i гэтага было дастаткова.

Бадай яшчэ нiколi Зыль так не чакаў сустрэчы са сваiм касмадромам. Быццам ён сам вяртаўся з далёкай зоркi праз шмат гадоў расстання.

Пасадку Зыль выканаў бездакорна. Калi асеў пыл, ён зiрнуў у iлюмiнатар. Яркiя агнi, здавалася, вiталi яго са шчаслiвым прыбыццём. Ён павёў позiркам уздоўж пляцоўкi, спадзеючыся ўбачыць усюдыходы таварышаў, i здзiвiўся. На краi ўзвышаўся зоркалёт, напэўна, той самы, з Капэлы. Зыль захваляваўся: ён ужо быў павiнен стартаваць на Зямлю, што з iм здарылася? Ён таропка збег па трапе, выкiнутаму з кабiны "Барса", i спынiўся, уражаны нечаканасцю.



18 из 19