
Робат нарэшце пакiнуў месца ля дзвярэй i пакрочыў да края пульта, дзе размяшчалася мноства пераключальнiкаў i кнопак. Ён выбраў адну з iх. Нацiснуў.
- Я - "Салют", я - "Салют", - прагучала ў рубцы.
А Зыль успомнiў i зоркалёт, што меў гэту назву, i iмёны касманаўтаў, якiя адправiлiся на iмудалёкiя прасторы Сусвету.
- Наблiжаемся да пятай планеты Зялёнага сонца. Там ёсць разумнае жыццё...
Робат уключыў дзённiк карабля. Цiкава было б паслухаць усе запiсы. Аднак колькi для гэтага спатрэбiцца часу? Зылю ж трэба было зараз даведацца пра галоўнае: што здарылася з экiпажам. Ён устаў, выключыў дзённiк, павярнуўся да робата:
- Мефiстофель, я хачу паслухаць цябе.
Той павярнуўся да чалавека.
- Хто гэта? - спытаў Зыль, паказваючы на гаспадара рубкi.
- Ран, - адказаў Мефiстофель.
"Старшы пiлот", - успомнiў Зыль.
- У атмасферы планеты Зялёнага сонца раптам з'явiлася атрута. Для нас. Яе прынесла вывяржэнне вулканаў, - робат крыху ажывiўся, пачаў хутчэй вымаўляць словы: - Людзi з планеты не маглi дапамагчы. Яны гаварылi: вы будзеце доўга спаць.
- I ты? - здзiвiўся Зыль.
- Не - зямляне, - растлумачыў Мефiстофель. - Мне гаварыў Ран. У час вывяржэння ён адзiн быў на борце.
- Дзе астатнiя? - успомнiў Зыль пустыя каюты.
- Людзi планеты пакiнулi iх у сябе. Будуць спрабаваць выратаваць. Мефiстофель зноў намацаў нейкi тумблер, пстрыкнуў iм.
На сцяне засвяцiўся невялiкi экран, паказаўся твар чалавека. Зыль пазнаў Рана, толькi намнога маладзейшага за таго, якi зараз ляжаў у крэсле каля пульта. "Колькi ж год прайшло, калi нават у анабiёзе ён так прыкметна састарэў?" - падумалася Зылю.
А Ран загаварыў з экрана:
"Няшчасны, не прадбачаны нiкiм выпадак спынiў наша знаёмства з гэтай цудоўнай планетай у самым пачатку. Жыхары называюць яе Iнзi. Мы ўстанавiлi кантакт, навучылiся разумець адзiн аднаго. Адбылася першая высадка. На жаль, яна аказалася апошняй.
