Мiналi гады. Абавязкi начальнiка касмадрома не вымагалi шмат клопатаў. Усю будзённую справу выконвалi аўтаматы, якiя цудоўна арыентавалiся ў складанай касмадромнай тэхнiцы. Уласна Зыль браўся за работу, калi меўся прыбыць зоркалёт. Увесь астатнi час ён i яго нешматлiкiя памочнiкi займалiся сваiмi справамi - кожны меў любiмую галiну навукi або тэхнiкi.

Жылi i працавалi ў будынiне, якая была падобна на касмiчны карабель i знешне, i ўнутры. Цэнтральны пульт, салон, каюты, машыннае i лабараторнае аддзяленнi - менавiта гэта падабенства, дапасаванае да сапраўдных знешнiх касмiчных умоў, у свой час прывабiла Зыля.

Ён не шкадаваў аб Зямлi. Родных у яго не было, а большасць з сяброў-аднагодкаў, з якiмi ён вучыўся, сталi астралётчыкамi i пакiнулi планету. Яны надоўга, калi не назаўсёды, развiталiся з Зямлёй. Ён застаўся адзiн з усёй групы i лiчыў, што, каб не здрадзiць iх агульным юначым марам, павiнен быць у прасторы. Плутон - гэта амаль мяжа, за якой яна пачынаецца, калi не лiчыць афелiяў камет. I вярнуцца ён зможа толькi тады, калi прыляцiць хаця б першы з сяброў - Вiктар Рабцэвiч. Але гэта будзе яшчэ вельмi не скора.

Знаёмыя лiчылi Зыля дзiваком, пустэльнiкам. А ён хутчэй быў аскетам, упэўненым, што толькi самаадрачэнне дасць яму магчымасць служыць галоўнаму, назаўсёды выбранаму.

- Каменданта касмадрома на Плутоне выклiкаюць у радыёрубку...

Зыль уздрыгнуў. Задумаўшыся, ён забыўся на заказаную размову са сваiм намеснiкам. Адказаўшы, што чуе выклiк, ён паскорыў крокi.

Да таго, што было вядома раней, намеснiк нiчога новага не дадаў. Ён паўтарыў змест лазераграмы з зоркалёта, аб якой Зыль ужо ведаў, расказаў, як iдзе падрыхтоўка да сустрэчы.

Зыль не думаў, што гэтыя некалькi месяцаў расстання са сваiмi таварышамi так падзейнiчаюць на яго. Ён доўга не адпускаў намеснiка ад апарата, распытваючы, што i як. Для яго важнай i блiзкай была кожная дробязь. Вiдаць, намеснiк здагадаўся пра гэта, бо будучы звычайна чалавекам негаваркiм, зараз не скупiўся на словы. А Зыль усё пытаў:



3 из 19