- А яшчэ што?..

- Больш, здаецца, нiчога вартага ўвагi, - нарэшце здаўся намеснiк. Хiба толькi... - Ён на момант запнуўся. - Але гэта, бадай, неiстотна.

- Што - толькi?.. - спытаў Зыль.

- Неўзабаве пасля лазераграмы наша станцыя прыняла i радыёграму з зоркалёта. Праўда, мы яе не расшыфравалi, вельмi скажоная. Але гэта i не важна. Вiдаць, яны на ўсякi выпадак дублiравалi першае паведамленне.

Зыль згадзiўся i, развiтаўшыся, пакiнуў рубку.

Надыходзiў час абеду, i ён накiраваўся ў салон. Там ужо было людна. Ад столiкаў, дзе заставалiся свабодныя месцы, адразу пачулася:

- Да нас, капiтан!

Разгубiўшыся ад агульнай увагi, Зыль паспяшаўся сесцi на першае месца, якое трапiла. Яго суседзямi аказалiся супрацоўнiкi станцыi на Арыэлi спадарожнiку Урана. Яны ўжо ведалi, што ён гаварыў з Плутонам, i адразу пацiкавiлiся:

- Як там, з Капэлы?

- Чакаем, - коратка адказаў Зыль i падумаў, што ён больш ахвотна паслухаў бы iх. Гэтым людзям было пра што расказаць. Iх жыццё праходзiла ў пастаянных сутыкненнях сам-насам з чужой i грознай прыродай. Яны былi даследчыкамi, першаадкрывальнiкамi. У iх будзённасцi была тая рызыка, якой, шчыра кажучы, часта неставала яму.

Зыль разумеў, што ў сорак з лiшнiм гадоў да чалавека павiнна прыйсцi разважлiвасць. I ўсё ж нiчога не мог з сабой зрабiць. Бо не хацеў пагаджацца са сваiм жыццём, у якiм усё было распiсана на шмат часу наперад. А яму, як i многiм фiзiчна не вельмi моцным людзям, хацелася, каб нешта здаралася, каб былi барацьба i перамогi.

Людзi яго часу не любiлi дакучаць адзiн аднаму. Убачыўшы, што Зыль не праяўляе ахвоты да размовы, субяседнiкi працягвалi гутарыць памiж сабой. А ён еў, слухаў, аб чым яны гавораць, i адчуваў, як зноў пачынае расцi незадаволенасць сабой.



4 из 19