
Вывеўшы з гаража ўсюдыход, Зыль адправiўся паглядзець на свае вочы пасадачную пляцоўку касмадрома. Ён ехаў, не запальваючы пражэктараў, даверыўшы кiраванне электроннаму вадзiцелю. Яркiя агнi станцыi адзiн за другiм знiкалi за блiзкiм гарызонтам. Чорнае неба, здалося, насунулася на планету, нiбы сцiскаючы яе ў сваiх нячутных i разам з тым непрыемных абдымках. Здавалася, усюдыход поўз у вузкай шчылiне, што яшчэ засталася памiж небам i паверхняй Плутона. Гэта быў фiзiчны падман, Зыль сутыкаўся з iм кожны раз, калi выбiраўся ў паездку па планеце, i кожны раз, аднак, успрымаў яго як рэальнасць. Каб пазбавiцца гэтага адчування, ён загадаў машыне спынiцца i вылез з яе.
Неба было бяздонным, i недзе там, у бясконцай вышынi, як убiтыя, жаўцелi i серабрылiся гузiкi-зоркi. Зыль азiрнуўся. Станцыi ўжо не вiдаць. У беспаветранай прасторы Плутона яе асвятленне не давала i зарыва. Урэшце, гэта нават лепш. Хутка над станцыяй павiнна ўзысцi камета. Яна ўвабрала вельмi мала святла з навакольнай прасторы, але пры пэўнай спрактыкаванасцi яе можна заўважыць простым вокам. Зыль доўгiя месяцы аддаў назiранням за гэтымi своеасаблiвымi касмiчнымi целамi. Яны радавалi яго разнастайнасцю форм, мудрагелiстасцю арбiт.
Край неба быццам сапраўды пасвятлеў. А можа, гэта толькi здалося, бо ён ведаў час, калi павiнна з'явiцца камета. Зыль стаяў i думаў, што некалькi месяцаў за каметай назiралi аўтаматы. Што яны там нагледзелi? Ён хутка залез ва ўсюдыход i шпарка паехаў уздоўж вялiзнай i гладкай пасадачнай пляцоўкi.
