Яму можна было i не ехаць сюды. Пляцоўка ўтрымлiвалася як мае быць. Два-тры кратэры, што ўтварылiся нядаўна, зараўнавалi аўтаматы. Зыль са здавальненнем адзначыў гэта i раптам зноў успомнiў пра скажоны сiгнал. Не чакаючы, пакуль вернецца на станцыю, ён выклiкаў радыста.

- Ты можаш сказаць, адкуль прыйшоў сiгнал? - спытаў Зыль.

- Яго прынялi тры нашы кантрольныя ўстаноўкi, - адказаў радыст. Падобна, што сiгнал адлюстраваўся ад каметы Крынiчка.

"Вось i канец тваiм хваляванням, - крыва ўсмiхнуўшыся, падумаў Зыль. Усё аказалася вельмi простым. Таварышы, напэўна, дзiвяцца з яго намагання ўбачыць нешта таямнiчае ў самай звычайнай з'яве". I зноў гэтая думка не прынесла задавальнення.

На стале ляжалi здымкi, якiя рабiлi аўтаматы, пакуль Зыль адсутнiчаў. Яго захапленне каметамi спачатку было своеасаблiвым пратэстам на забарону ўрачоў. Маўляў, хоць такiм чынам я вырвуся далей Плутонавай арбiты. А потым ён па-сапраўднаму захапiўся гэтымi касмiчнымi вандроўнiкамi, якiя заходзiлi за Плутон, дзе, калi ўжо следаваць законам нябеснай механiкi, хутчэй павiнна знаходзiцца планета Трансплутон, чым трансплутонавыя афелii.

Самая блiжэйшая да Плутона была тая самая Крынiчка. Новай сустрэчы з ёй Зыль чакаў ужо амаль дваццаць год - яна з'яўлялася першай каметай, якую ён пачаў вывучаць, трапiўшы сюды. I вось, апiсаўшы ў прасторы агромнiсты элiпс, Крынiчка зноў вярнулася ў сваю першапачатковую кропку. Зараз назва каметы выклiкала ў Зыля ўсмешку. Нiякага падабенства з сапраўдным выглядам. Хутчэй кашалот або, на крайнi выпадак, слiмак. Калi яна з вялiкай хуткасцю, большай, чым звычайна мелi яе сёстры, плыве на фоне цёмнага неба, яе контур нагадвае адну з гэтых iстот.

Спачатку Зыля зацiкавiла хуткасць руху Крынiчкi. А потым, разлiчваючы яе арбiту, ён прыйшоў да вываду, што наступны вiток камета павiнна зрабiць не па ранейшым шляху, а побач. I кожны раз Крынiчка будзе апiсваць чарговы вiток на новым месцы, хаця афелiй застанецца ранейшым. Калi нанесцi на паперу яе поўны шлях за восем абаротаў, то ўтворыцца нешта падобнае на кветку, у якой кожная арбiта будзе асобным пялёсткам. У сваiх запiсках Зыль так i называў Крынiчку - Пялёстак. I зараз меў магчымасць праверыць сваю здагадку.



7 из 19