Здымкi, зробленыя аўтаматамi, пацвердзiлi разлiкi Зыля. У астраномii было нямала выпадкаў, калi матэматыка iшла наперадзе вiзуальных назiранняў. Так, у прыватнасцi, былi адкрыты i Нептун, i гэты самы Плутон. Але ўласнае адкрыццё ўзрадавала Зыля. Ён не прагнуў славы. I вывучаў каметы толькi таму, што яны яму спадабалiся. А свайму поспеху радаваўся, як шахматыст, што ў галаваломнай пазiцыi пасля доўгага i напружанага роздуму нарэшце знаходзiць сярод мноства магчымых варыянтаў адзiна правiльны.

Зыль праглядаў здымкi, звяраў даты, калi яны былi зроблены. Аўтаматы вялi дакументацыю надзвычай пунктуальна. I Зыль з задавальненнем вычэрчваў новы "пялёстак" сваёй Крынiчкi.

Ён ужо быў блiзкi да канца работы, як раптам, праглядаючы чарговы здымак, адчуў, што на iм прысутнiчае нешта чужое, неўласцiвае камеце. Але што? Схапiў папярэднюю фатаграфiю. Не, здаецца, усё на сваiм месцы. А на наступнай? Што за насланнё? Камета нiбы выцягнулася ў даўжыню. Дзiўная трансфармацыя... Яе можна было б растлумачыць якой-небудзь нязначнай касмiчнай катастрофай. Але напярэдаднi ў гэтай частцы неба нiчога незвычайнага не адзначалася.

Зыль адсунуў здымкi i пайшоў у абсерваторыю. Тэлескоп хутка адшукаў камету. Шырокае тупарылае ядро нiбы фасфарасцыравала на вялiкiм экране. Рухаючыся, яно, як сапраўдны кашалот, паглынала на сваiм шляху дробныя зоркi-рыбкi.

Аналiзы сведчылi, што ў складзе Пялёстка няма металаў - адны каменныя пароды, сцэментаваныя льдом. Гэта надавала камеце ў вачах Зыля асаблiвую прыгажосць. Яна нагадвала яму вялiзны драўляны дом, пабудаваны без адзiнага цвiка.

Ад гэтага параўнання Зыль усмiхнуўся, а потым злавiў сябе на нейкай неадпаведнасцi параўнання. Ён нахмурыўся: зноў чамусьцi ўспомнiўся сiгнал. Не, трэба выкiнуць яго з галавы... I раптам падумаў, а цi не занадта многа супадзенняў ва ўсёй гэтай гiсторыi. Па-першае, сiгнал, блукаючы ў прасторы, павiнен быў натрапiць на адносна невялiкае касмiчнае цела - камету. Па-другое, адбiўшыся ад яе ядра, ён зноў-такi павiнен быў трапiць абавязкова на Плутон, якi таксама займаў параўнаўча невялiкае месца ў прасторы.



8 из 19