- Я думаў, што ў дзяцiнстве ўсе мараць пра зоркi.

Балачан здзiвiўся. Гэты вывад наўрад цi выцякаў з аналiзу плана дыпломнай работы, складзенага згодна з навуковымi патрабаваннямi. Але разам з тым кiраўнiк не памылiўся. Балачан, калi вучыўся ў школе, сапраўды нiколi не марыў стаць астралётчыкам. Бадай, ён быў выключэннем у сваiм класе. Космас тады для школьнiкаў быў як паэзiя. Бо хто ў тым узросце не пiша вершаў! Балачан не пiсаў, i Касай гэта зразумеў. Што, аднак, прывяло яго да гэтай думкi?

Балачан ведаў, што выкладчык сам марыў пра далёкi космас не толькi ў маленстве. Нават быў блiзкi некалi да таго, каб мара стала явай. Перашкодзiў недарэчны выпадак - Касай на трэнiроўцы зламаў нагу. Зоркалёт "Чырвоная маланка", экiпаж якога складаўся ў асноўным з аднакашнiкаў Касая па касмiчнай школе, стартаваў без яго. З тае пары мiнула больш за паўвека. Касай усе гэтыя гады выхоўваў моладзь, вёў ва унiверсiтэце спецкурс па ранняй касмiчнай гiсторыi, i нiхто не чуў ад яго нават слова пра палёты да зорак. Дык чаму ён раптам парушыў маўчанне? Набалелае ж трэба аддаваць таму, хто здолее яго прыняць.

Балачан не пераацэньваў сябе, не знаходзiў у сабе якасцей, якiя б абяцалi поспех у даследаваннях па новай тэме. Больш таго, ён адчуваў, што яна не захапiла яго. Ну што ж, ён выканае работу, калi таго хоча настаўнiк. А потым вернецца да пары Гагарына i Армстронга. Але, разважаючы так, ён не мог пазбыцца неспакою. Ён не любiў няяснасцей.

I вось камандзiроўка на Марс. Тут знаходзiцца самая магутная ў Сонечнай сiстэме станцыя далёкай сувязi i пры ёй - Цэнтральны касмiчны архiў. У iм захоўваюцца ўсе матэрыялы аб асваеннi i заваяваннi космасу. Пачынаючы з першага штучнага спадарожнiка Зямлi i аж да нерасшыфраваных сiгналаў, якiя прыйшлi ў Сонечную сiстэму - цi ад зямных зоркалётаў, скажоныя адлегласцю i перашкодамi, цi, хутчэй за ўсё, ад бясконца далёкiх галактык або пульсараў.



2 из 11