
Балачан не верыў у сiгналы, якiя нiбыта прыйшлi ад iншых цывiлiзацый. Нешта нiхто не сустрэў iх да гэтага часу нават у далёкiм Сусвеце. Усё, што не паддаецца расшыфроўцы, - парадзiла мёртвая прырода.
Развiтаўшыся з дыспетчарам у касмапорце, Балачан сеў у электрамабiль. Ён не мог заблудзiцца. Да Цэнтральнага архiва вяла добрая шаша. Здалёк яна была падобна на раку, што цякла мiж чырвоных пясчаных барханаў.
Электрамабiль мог развiваць фантастычную хуткасць, але Балачан не спяшаўся. Ён уключыў аўтаматычнае кiраванне, а сам, не адрываючыся, глядзеў, як насоўваецца на яго з блiзкага краявiду змрочная ад фiялетавага неба бясконцая пустыня. Аднастайнасць пейзажу не расчаравала яго. Ён бачыў шмат тэлеперадач пра Марс i быў гатовы да любога вiдовiшча. Аднак цi можа нежывое адлюстраванне параўнацца з самой прыродай! Нават праз сферычнае шкло кабiны пустыня была непадобная на сваю кiнакопiю. Яна жыла, яна была побач, яе можна было пакратаць, на ёй можна было пакiнуць свае сляды.
Балачан спынiў электрамабiль, выйшаў на шашу.
Сонца стаяла ў зенiце. Непрывычна маленькае, ярка-залатое, яно не пякло, як на Зямлi ў пустынях, а неяк сумна i пяшчотна грэла твар, ледзь прабiваючыся праз шкло гермашлема. I святла давала мала. Нават у ясны марсiянскi поўдзень на небе былi вiдаць зоркi i сузор'i.
Балачан пераступiў белы ахоўны бардзюр i пакрочыў у глыб барханаў. Спынiўся толькi тады, калi знiклi i шаша, i электрамабiль, а пустыня ляжала перад iм такой, якой яна была: iншапланетнай, чужой.
Ён не быў дасведчаны ў арэалогii*, нiколi не ўнiкаў у яе дэталi. У гiсторыi заваявання космасу яго цiкавiў фiласофскi, маральны бок. Балачан разглядаў гэту з'яву як чарговы этап у эвалюцыi чалавецтва. У гэтым яго поглядзе не было месца ўмовам iснавання на iншых планетах. Бо, урэшце, яны у адным выпадку лепшыя, у другiм горшыя - не мелi iстотнага значэння. Важным быў сам факт выхаду чалавека за межы Зямлi i тыя вынiкi, якiя гэта дало для развiцця навукi, эканомiкi, усёй цывiлiзацыi.
