
Наўрад цi можна было назваць гэта сiгналам, пасланым рукой чалавека. Каб не хваля, на яго нiхто не звярнуў бы нават увагi. На экране мiтусiлiся хаатычна раскiданыя рысачкi, у дынамiку чулася патрэскванне, як ад звычайных выпраменьванняў з космасу. Аператар спачувальна паглядзеў на Балачана, але дапамагчы не мог. З жалем параiў:
- Цi мала ў прасторы крынiц энергii? Яшчэ паспееш на планеталёт.
Гэта была слушная парада. Толькi не для Балачана. Аператар, напэўна, не чуў легенды, якую вось ужо чатыры гады, як дасцiпны жарт, перадавалi старэйшыя пакаленнi студэнтаў першакурснiкам. Быццам бы Балачан адмовiўся здаваць залiк па механiцы. А на здзiўленае пытанне выкладчыка заўважыў: "Мне трапiлiся рухавiкi ўнутранага згарання". Выкладчык не зразумеў. Тады Балачан растлумачыў: "У нашым музеi iх няма. Не магу ж я гаварыць пра тое, чаго нiколi не бачыў". Выкладчык стрымаў усмешку i спытаў: "А як нам быць?" Балачан адказаў: "Днi праз два я закончу дзеючую мадэль рухавiка, тады i здам залiк". Залiк ён сапраўды здаў. Блiскуча. Але са спазненнем, калi яго аднакурснiкi былi ўжо на экскурсii ў падводнай Антарктыцы.
Забраўшы запiс гэтага нерасшыфраванага сiгналу, Балачан адправiўся ў лабараторыю.
Ён працаваў суткi, другiя, трэцiя... Спачатку супрацоўнiкi архiва спагадлiва i крыху iранiчна пасмiхалiся, потым здзiўлена кiвалi галовамi, маўляў, упартасць не да месца. А на чацвёрты дзень у Балачана з'явiўся памочнiк - той самы аператар, якi раiў яму паспяшацца з ад'ездам. А неўзабаве разам з Балачанам працавалi ўсе, хто быў вольны ад вахты i асноўнай работы. Яны паверылi яму.
Аднак мiналi днi, а вынiкаў не было. На экранах штораз узнiкалi ўжо добра абрыдлыя ўсiм хаатычна раскiданыя рысачкi. Двойчы прасiў Балачан дазволу ў Касая затрымацца. Настаўнiк ведаў свайго вучня i, не задаючы пытанняў, дазваляў.
