Балачан доўга ўглядаўся ў экран, спынiўшы паказ на кадры з дзённiка. На iм была бiяхiмiчная лабараторыя. Чара сядзела за сталом. Iмгненне назад яна задумлiва, нiбы гаварыла сама з сабой, расказвала пра новы метад уздзеяння на спадчынны механiзм клеткi, якi ёй удалося адкрыць. Балачан не мог выслухаць яе да канца. На Зямлi гэта адкрылi раней Чары гадоў на дваццаць. Мажлiва, Чара сама не выключала, што яе навiна ўжо не навiна, таму i не было ў яе голасе задаволенасцi зробленым.

Уначы Балачан не мог заснуць. Ён упершыню падумаў, што гады, якiя астралётчыкi правялi ў прасторы, асуджаныя па сутнасцi на вечную адарванасць ад Зямлi, прымусiлi iх зразумець праўду. Iх подзвiг урэшце будзе толькi iх подзвiгам, а не ўсяго чалавецтва. Бо што б там яны нi ўбачылi i нi знайшлi, усё роўна вестка аб гэтым прыйдзе на родную планету са спазненнем.

Напэўна, нiколi раней Балачан не працаваў так напружана. Ён напiсаў дыпломную. Але не так, як думаў, складаючы план, як чакаў ад яго настаўнiк. "Чырвонай маланцы" быў прысвечаны толькi адзiн раздзел. Астатнiя тры, насычаныя шматлiкiмi прыкладамi, служылi доказам яго думкi пра марнасць палётаў да зорак. Балачан ведаў, што расчаруе свайго настаўнiка. Больш таго, падаўшы ў святле сваiх вывадаў апошнюю справаздачу з "Чырвонай маланкi", зробiць настаўнiку балюча. I не мог паступiцца сваiмi пераконаннямi. Яго вывады датычылi не толькi iх двух.

Можна было вяртацца на Зямлю. Але Балачан быў добрасумленным студэнтам, нават залiшне педантычным. Там, дзе iншыя абмяжоўвалiся рэкамендацыйным спiсам кнiг i дапаможнiкаў, яму абавязкова трэба было ведаць ледзь не ўсё, што датычыла тэмы. Гэта часта замiнала нармальнай вучобе, бо, збiваючыся на дробязi, ён адставаў ад аднакурснiкаў. Аднак пераламiць сябе не мог. Такi ўжо быў у яго характар.

Гэты самы характар прымусiў Балачана затрымацца. Нехта з супрацоўнiкаў архiва ў самы апошнi момант сказаў яму, што ёсць яшчэ адзiн сiгнал, нерасшыфраваны, якi, магчыма, належыць "Чырвонай маланцы", бо прыняты на яе хвалi. А цi мог ён паехаць, не ўпэўнены, што сiгнал не мае нiякага дачынення да яго зоркалёта? Вядома, не. I хоць да адпраўлення рэйсавага планеталёта Марс-Зямля заставалася нямнога часу, ён пайшоў у сховiшча.



8 из 11