
Ён прыгадаў сваё нечаканае i крыху незвычайнае прызнанне ёй у каханнi.
Ён ужо даўно купiў за некалькi тысяч манет каюту другога класа на сама вялiкi ў свеце параход, якi рыхтаваўся ў сваё першае плаванне з Саўтгемптана да берагоў Амерыкi. Ён закiнуў справы, прадчуваючы Сама Вялiкае Свята свайго жыцця. Ён упiваўся гэтым прадчуваннем, выразна ў той жа час уяўляючы, што пасля падарожжа яго чакае звычайнае руцiннае жыццё, са сваiмi праблемамi i падкопамi, але гэта будзе потым, потым, а цяпер - Аддуха, Свята!
У гэтым эйфарычным стане, ужо склаўшы рэчы i аддаўшы апошнiя распараджэннi, ён абыходзiў кантору, развiтваўся, выслухоўваў жарты i пажаданнi, некаму абяцаў сувенiры i тут, як заўсёды ў калiдоры, сустрэў белашыюю дзяўчынку.
Ён узяў яе за рукi, гучна i весела загаварыў i раптам змоўк - у яго нават у роце перасохла, а язык здранцвеў, быццам ад наркозу.
Ён упершыню ўбачыў тое, чаго не заўважаў колькi месяцаў. Як прыгожа струменiцца па яе голай шыi танюткi срэбны ланцужок, як знiкае маленькi крыжык у мяккiм змроку лагчынкi...
- Што ж нам рабiць? - немаведама ў каго спытаўся Ён. - Разумееш, малеча. Вось я гляджу на твой крыжык i зусiм не думаю пра Бога, не магу пра яго думаць. У думках я выцалоўваю твае дзiвосныя грудзi, прытуляюся да iх вачамi, паколваю i казычу iх вейкамi. Бог пра гэта, дарэчы, ведае i даўно дараваў мне.
Дзяўчына маўчала. Яна апусцiла вочы, i Ён раптам зразумеў, што яго словы Ёй падабаюцца, што Яна ўспрымае iх як дзеянне i што калi Ён цяпер жа не скажа Ёй усяго, дык потым будзе iначай - горш цi наогул блага.
- Паслухайце, - сказаў Ён, пераходзячы на "вы" i горнучы Яе да сябе. Ён зусiм забыўся, дзе знаходзiцца, забыўся, што iх могуць убачыць. - Я паслязаўтра адплываю ў Амерыку. Я вас вельмi прашу, проста малю: складзiце мне кампанiю. Я буду чакаць вас у порце. Я ўжо чакаю.
