- Добра, - слаба ўздыхнула Яна, i Ён, ашалелы ад нечаканага шчасця, пабег пераафармляць квiток.

I вось яго радасць побач! I хоць яны трое содняў запар п'юць шампанскае, дарагiя вiны i каньякi, хоць целы iх не паспяваюць астываць ад любоўнага агню, дыханне Яе па-ранейшаму чыстае i цнатлiвае, быццам дыханне дзiцяцi, а скура пахне кветнiкам - так думаў Ён, засынаючы i ўздыхаючы ад спакою i пяшчоты, разлiтых у кожнай клетачцы цела.

А карабель iх плыў, грукаючы ў трумах машынамi, свецячыся агнямi ўсiх адзiнаццацi жылых палубаў. Па-ранейшаму грымела i млява ўздыхала музыка ў яго кавярнях i рэстарацыях, кружылiся ў яе гуках закаханыя пары, мужчыны курылi i гулялi ў брыдж, пiлi, абмяркоўвалi сусветныя праблемы i жаночую прыгажосць частка зямнога свету рухалася ад аднаго мацерыка да другога.

Потым была ранiца. Яны заказалi сняданне ў каюту, Яна пiла шампанскае i многа смяялася. А яшчэ Яна дурэла ў тую ранiцу i, калi елi дэсерт, пачала вуснамi забiраць у яго ягады з марожанага (Ён нават не запомнiў - якiя), i чым гэта скончылася, нават сама нездагадлiвы цi па-пурытанску настроены чытач ужо, вядома, зразумеў.

Яны цешылiся раскошай гэтага плывучага палаца, пабывалi ва ўсiх яго барах i рэстарацыях, дзе бавiлi час каля дзвюх тысяч чалавек, i Ён паказваў Ёй мiльянераў i беднякоў-эмiгрантаў, але нi з кiм асаблiва не заводзiў знаёмстваў, бо перш за ўсё яны былi занятыя сабою.

Выявiлася, што яго маленькая фея выдатна танцуе. Ён з радасцю даведаўся, што яна любiць салодкае i баiцца цемры. Здаецца, на другi ж дзень Ён пералiчыў радзiмкi на яе целе, кожную пацалаваў i сказаў, што каб быў астролагам, дык будучыню прадказваў бы не па зорках, а па яе радзiмках. А ў адзiн з вечароў яго каханая ў размове працытавала нечыя вершы. Яны спадабалiся Яму. Ён спытаўся, чые гэта радкi, i Яна пачала чытаць Яму санеты Шэкспiра, i гэта было так хораша, што Ён слухаў, затаiўшы дыханне, хоць нiколi раней вершамi не цiкавiўся. А яшчэ... Зрэшты, гэта пусты занятак - апiсваць чужое шчасце. Якое б яно нi было, вялiкае цi малое, яго ўсё роўна трэба перажыць самому.



3 из 9