Я не хачу страцiць яе. Не хачу хiтраваць, манiць, выкройваць некалькi гадзiн для сустрэч у гатэлi. Я не хачу былога жыцця, Госпадзi! Нi канторы сваёй, нi горада. Дай нам усё новае, Госпадзi. Падоўжы гэтае свята. Калi ты ўсемагутны, разбi, калi ласка, гэты карабель аб каралавыя рыфы i дай нам кавалачак раю! Не, не, не твайго, я яго i дарма не хачу. Хай гэта будзе незаселеная выспа, я ўсё зраблю сваiмi рукамi, Божа, я здолею, я люблю працаваць. Я складу сваё жыццё на выспе па цаглiнцы, як гэта робяць майстры-муляры. Мы народзiм шмат дзяцей. Я паклапачуся, каб мая каханая дзень i ночь насiла маё чарговае дзiця, Госпадзi. Тут тваёй дапамогi не спатрэбiцца. Ты толькi разбi, калi ласка, гэты карабель!.."

I толькi Ён паспеў дадумаць апошнiя словы малiтвы, як адбыўся цуд.

На iмгненне Ён некуды цi то нырнуў, цi то правалiўся i апрытомнеў ужо па пояс у вадзе з каханай на руках. Вось яна - выспа! Гарачае сонейка, пальмы, яркая зелянiна. Дзякуй табе, Госпадзi! Я нiколi не верыў у цябе, дакладней, не задумваўся над тваiм iснаваннем, а ты, значыцца, ёсць, такi шчодры, велiкадушны. Як б'ецца сэрца! Застаецца толькi пабудзiць маю новую жонку, паказаць ёй рай, якi ты нам падараваў, i падзякаваць табе, усемагутны...

Стукалi ў дзверы каюты.

Ён шчоўкнуў замком, яшчэ пагойдваючыся ў пяшчотных хвалях сну i шкадуючы, што гэта быў толькi сон.

У калiдоры стаяў марскi афiцэр.

- Мы тонем, - сказаў ён. - Тэрмiнова адзеньце выратавальныя камiзэлькi на сябе i на даму i падымайцеся на палубу, да шлюпак. Прашу як мага хутчэй.

- Вы паслалi сiгнал бяды? - ачмурэла спытаўся Ён, усё яшчэ не развiтваючыся са сном-мрояй i не прымаючы рэальнасцi таго, што адбывалася.

- Вядома, - адказаў афiцэр. - Радыст перадае яго няспынна. Абавязкова адзеньцеся ў цёплае. Прабачце, я мушу iсцi будзiць астатнiх пасажыраў.

Ён пайшоў, не зачынiўшы дзвярэй.

Наш герой дакульгаў да ложка, стаў тармасiць каханую.

- Супакойся. Дай мне паспаць, - слаба адбiвалася Яна, думаючы, напэўна, што Ён зноў дамагаецца кахання.



5 из 9