
- Ды прачнiся ты! - закрычаў Ён. - Мы тонем!
Ён змарнаваў добрае паўгадзiны, каб пабудзiць яе i прымусiць адзецца, адзецца самому i нацягнуць жоўтыя выратавальныя камiзэлькi.
- Ты ўсё прыдумаў, скажы?! - жаласна паўтарала Яна, не знаходзячы патрэбных рэчаў. - Любы, скажы, што ты пажартаваў. Ты жартуеш, га? Наш карабель не можа патануць - пра гэта пiсалi ўсе газеты. Навошта гэтыя недарэчныя жарты? Я стамiлася. Я хачу спаць. Паслухай: усё спакойна. Нiхто нiкуды не бяжыць, не чуваць гудка.
У яе словах быў сэнс, i на нейкi момант Ён сам паверыў, што гэта недарэчны жарт дурнога цi п'янага афiцэра. Але нешта iнтуiтыўна падказвала яму не слухаць шалапутнае дзяўчо, а спяшацца, спяшацца з усяе моцы.
Не звяртаючы ўвагi на пратэсты i просьбы каханай, Ён сiлай выцягнуў яе ў калiдор, убачыў там iншых пасажыраў - разгубленых, здзiўленых - i зразумеў: усё гэта - праўда.
На шлюпачнай палубе тоўпiлiся сотнi людзей, навокал стаяў трывожны гоман.
Яго каханая нарэшце паверыла i цiха заплакала. Гэтыя слёзы адразу ж вярнулi Яму здольнасць думаць i дзейнiчаць. Цвярозым позiркам дзелавога чалавека Ён iмгненна вызначыў: калi сюды рынуцца ашалелыя пасажыры трэцяга класа, тых шасцi шлюпак, якiя пакуль яшчэ не спусцiлi на ваду, вядома ж, на ўсiх не хопiць.
Ён рушыў да блiжэйшай, на хаду супакойваючы сваю дзяўчынку, угаворваючы яе не плакаць.
- Кiнь. Нiчога страшнага не будзе. Ну, паплаваем крыху ў шлюпцы. Дробязь! Да нас ужо спяшаюцца на дапамогу.
Iх спынiў афiцэр:
- Толькi жанчыны i дзецi. Пакуль - толькi жанчыны i дзецi.
Яна заплакала яшчэ мацней, павiсла ў яго на шыi.
- Я нiкуды без цябе не пайду!
- Супакойся, любая, - угаворваў Ён яе i цiхенька падштурхоўваў да праходу, зробленага маракамi. - Iдзi! Хутчэй! Я буду побач з табою - вось убачыш.
I Яна паслухалася, божая авечка, як паслухалася тады, у калiдоры офiса.
