- Дапамажыце! - зноў закрычаў Ён i папярхнуўся выпадкопай хваляй. Узляцела асвятляльная ракета. У яе прывiдным святле Ён убачыў побач дзесяткi людзей, якiя боўталiся ў ледзяной вадзе. Шлюпкi былi крыху наводдаль.

Падтрымлiваючы галаву каханай, каб не захлынулася, Ён падняў вочы да неба i зашаптаў - горача, умольна, шчыра:

- Уратуй нас, Госпадзi! Ахвярую табе нашыя душы i думкi. Аддам усе грошы, усё жыццё сваё на ўсхваленне тваё. Злiтуйся над намi! Уратуй хаця б яе.

Хваля зноў плюхнула ў твар. Ён ледзьве не захлынуўся. Адкашляўшыся, са слязьмi адчаю на вачах ён гнеўна крыкнуў небу:

- Не чуеш?! Дзе ж ты, каб цябе чорт узяў?!

- Паглядзi на сябе, чалавек. Клiчаш мяне перад смерцю i блюзнерыш.

Голас быў цiхi i бясконца стомлены.

Бог - сухенькi стары, ад якога зыходзiла слабое ззянне - стаў над iмi, абапёршыся на сукаваты кiй. Апрануты ён быў у каляны залатаны плашч, вакол яго лысаватай галавы, быццам нiмб, свяцiлiся рэдкiя i, вiдаць, вельмi лёгкiя сiвыя валасы. Акiянскiя хвалi дакраналiся да крысаў плашча, бо Гасподзь стаяў амаль па каленi ў вадзе.

- Ты ўвесь час клiчаш мяне, сын мой, - звярнуўся Бог да нашага збянтэжанага героя. - Дарэмна. Я не дапамагу табе ў тваёй бядзе.

- Чаму, Божа? Ты ж усемагутны. Хiба табе цяжка?

Бог сумна ўсмiхнуўся.

- Запомнi: не я вас, а вы мяне, людзi, калiсьцi стварылi, вера чалавечая. I пакуль вас, павернутых да мяне душою, было вялiкае мноства, я на самой справе быў усемагутны. Цяпер усё змянiлася. Нiхто нi ў што не верыць. Нi ў мяне, нi ў маiх няшчасных сыноў, якiя падзялiлi святло i цемру, нi ў сябе. Вось i знiкла мая сiла. Паглядзi: мяне ўжо вада не трымае, усе ногi прамачыў, а я ж па ёй акi па сушы павiнен хадзiць. I Хрыстос да вас больш не прыйдзе вы зноў здрадзiлi яму i другi раз забiлi.

- Цябе?! Не трымае?! - уражаны, Ён нават на iмгненне забыўся пра тое, што пагражае яму i яго каханай: сама большае праз гадзiну выратавальныя камiзэлькi будуць трымаць на вадзе два скачанелыя трупы. - Што ж рабiць?



8 из 9