А Ён, зарыентаваўшыся, тут жа разгарнуў бурную дзейнасць, дапамагаючы афiцэрам i матросам падтрымлiваць парадак пры пасадцы на шлюпкi. Краем вока ён увесь час сачыў за адзiнаццатаю, дзе была яго каханая, трымаўся побач. I калi адзiнаццатая рушыла ў цемру, за борт, Ён са спрытам звера слiзгануў праз матроскi кардон, апякаючы далонi, спусцiўся па канаце на карму шлюпкi i тут жа трапiў у абдымкi сваёй любай. У агульнай мiтуснi, у калейдаскопе асветленых iлюмiнатараў, паблiзу якiх апускалася на ваду шлюпка, яго ўчынак застаўся незаўважаны.

Спатрэбiлiся весляры - i Ён прабiўся скрозь натоўп да вясла. За iм следам у цемры ценем прайшла яго спадарожнiца.

Яны адплывалi ад карабля - ён, велiзарны, ззяў агнямi, а нос яго ўжо крыху асеў, i цяжка было паверыць, што гэты плывучы горад можа хутка пайсцi пад ваду. Сярод галашэнняў, уздыхаў, шэптаў, iстэрычных крыкаў Ён злавiў слова "айсберг" i здзiвiўся: як жа яны не адчулi ўдару ледзяной гары?

I тут Ён успомнiў сваю начную малiтву - i жахнуўся.

- Божа, - прамармытаў Ён, сутаргава працуючы вяслом, - ты ўсё пераблытаў. Дзе востраў, дзе каралавыя рыфы?! За бортам - ледзяная вада. Там смерць - за бортам. Што ты нарабiў, Госпадзi?! Хiба гэтага я ў цябе прасiў?

Шлюпку раптам рэзка гайданула. Каханая, адпусцiўшы на iмгненне яго локаць, ускрыкнула i ўпала ў ваду. Ён кiнуў вясло, скочыў услед за ёю i таксама ўскрыкнуў - апякла ледзяная вада.

Божа! Дзе Яна? Вось! Вось Яна! Вочы заплюшчаныя, але дыхае. Вiдаць, спужалася цi перахапiла дух ад холаду.

- Гэй, дапамажыце! - закрычаў Ён, убачыўшы, што абрысы шлюпкi адыходзяць у ноч. - Падбярыце нас!

У адчаi Ён схапiў каханую за плечы, пачаў трэсцi з усяе моцы.

- Працуй рукамi i нагамi, чуеш! Мы скачанеем у гэтай вадзе! Варушыся!

З карабля данеслася музыка, i Ён падумаў, што звар'яцеў. Не, на шлюпачнай палубе сапраўды вiдаць былi маленькiя постацi аркестрантаў. Гэта яны звар'яцелi: граюць "Блiжэй да цябе, Госпадзi!" Дзiва што!



7 из 9