Оруэлл Джордж

Ферма (на белорусском языке)

Джордж Оруэл

Ферма

Пераклаў Сяргей Шупа

Вершаваныя тэксты пераклаў Алег Мiнкiн

I

Мiстэр Джоўнз, гаспадар фермы Мэнар, зачынiў на ноч курнiкi, але ён быў такi п'яны, што забыўся пра куранячыя пралазы. Iдучы за кругам святла ад лiхтара, якое скокала з боку ў бок, ён прайшоў, хiстаючыся, праз двор, скiнуў боты каля тыльнага ўвахода, нацадзiў сабе апошнюю шклянку з бочкi ў каморы i падняўся ў спальню, дзе ўжо храпла мiсiс Джоўнз.

Як толькi святло ў спальнi згасла, ва ўсiх пабудовах на ферме пачалося варушэнне i розрух. Яшчэ ўдзень паўсюль разышлася чутка, што стары Маёр, дыпламаваны кныр сярэдняй белай пароды, прыснiў папярэдняе ночы дзiўны сон i хацеў бы пераказаць яго iншым жывёлам. Было дамоўлена, што яны ўсе збяруцца ў вялiкiм гумне, як толькi ўпэўняцца, што мiстэр Джоўнз заснуў i не здолее iм перашкодзiць. Старога Маёра (так яго заўсёды называлi, хоць на сельскагаспадарчай выставе ён выступаў пад iмем Уiлiнгдонскi Прыгажун) усе на ферме так глыбока паважалi, што кожны быў гатовы ахвяраваць гадзiнаю сну, каб пачуць, што ён меўся сказаць.

У адным канцы вялiкага гумна, дзе было нешта накшталт прыўзнятай пляцоўкi, пад лiхтаром, што звiсаў з бэлькi, ужо ляжаў Маёр, зручна ўладкаваўшыся на саламяным подсцiле. Яму было дванаццаць гадоў, i за апошнi час ён моцна растлусцеў, але гэта ўсё яшчэ быў самавiты вяпрук з мудрым i дабразычным аблiччам, нягледзячы на тое, што яму нiколi не падрэзвалi iклаў. Ужо даўно пачалi прыходзiць i iншыя жывёлiны, уладкоўваючыся, як каму зручней. Спачатку прыйшлi тры сабакi, Званочак, Джэсi i Пiнчар, пасля свiннi - яны разлеглiся на саломе перад самай пляцоўкай. Куры паселi на падаконнi, галубы заляцелi на кроквы, авечкi i каровы леглi за свiннямi i пачалi жваць жуйку. Двое цяглавых коней, Баксёр i Канюшынка, увайшлi разам, ступаючы вельмi павольна i асцярожна апускаючы свае вялiкiя кашлатыя капыты, каб не раздушыць якую малую жывёлiну, што схавалася ў саломе.



1 из 79