
Канюшынка была мажная кабыла-жарабятнiца сярэдняга веку, да якой пасля чацвёртага жарабення так ужо i не вярнулася яе колiшняя зграбнасць. Баксёр быў вялiзнаю жывёлiнаю, амаль васемнаццаць далоняў вышынёю, i дужы, як два звычайныя канi разам. Белая паласа ў яго на носе надавала яму крыху дурнаваты выгляд, дый сапраўды, вялiкiм розумам ён не вылучаўся, але ўсе навокал паважалi яго за цвёрды характар i неверагодную цягавiтасць. Пасля коней прыйшлi белая каза Мюрыэль i асёл Бэнджамiн. Бэнджамiн быў сама старою i сама сярдзiтаю жывёлiнай на ферме. Гаварыў ён рэдка, а калi i раскрываў рот, дык звычайна каб зрабiць якую цынiчную заўвагу - напрыклад, ён казаў, што Бог даў яму хвост, каб адганяць мух, але хай бы лепш не было нi хваста, нi мух. Сярод усiх жывёлаў на ферме ён быў адзiны, хто нiколi не смяяўся. Калi ў яго пыталiся чаму, ён адказваў, што не бачыць, з чаго смяяцца. Тым не меней, не прызнаючы таго адкрыта, ён быў вельмi прыязны да Баксёра; абодва яны звычайна бавiлi нядзелi разам на маленькiм выгане за садам, там пасвiлiся побач i нiколi не размаўлялi.
Абое коней ужо былi леглi, калi вывадак качанят, у якiх памерла мацi, увайшоў шнурочкам у гумно, ледзь чутна пiскаючы i азiраючыся на бакi, яны выглядалi сабе месца, дзе б на iх не наступiлi. Канюшынка паклала перад iмi пярэднюю нагу, абгарадзiўшы iх, нiбы сцяною, качаняты схавалiся за ёю, як у гняздзечку, i адразу заснулi. У апошнюю хвiлiну ўвайшла, строячы манерлiвыя мiны i жуючы кавалак цукру, дурненькая Молi, прыгожая белая кабылка, што вазiла рысорную двухколку мiстэра Джоўнза. Яна стала блiжэй да пераду i пачала трэсцi сваёй белай грывай, каб усе пабачылi чырвоныя стужачкi, што былi ў яе заплеценыя. Сама апошнi прыйшоў кот, агледзеўся, шукаючы, як звычайна, цяплейшага месца, i нарэшце ўцiснуўся памiж Баксёрам i Канюшынкай; там ён задаволена муркаў пад час усёй Маёравай прамовы, не чуючы нi слова з таго, што той казаў.
Цяпер ужо сабралiся ўсе жывёлы, апроч свойскага крумкача Масея, якi спаў на жэрдцы за тыльнымi дзвярмi. Пабачыўшы, што ўсе ўтульна размясцiлiся i ўважлiва чакаюць, Маёр пракашляўся i пачаў: