
Напачатку жывёлы не маглi паверыць свайму шчасцю. Першае, што яны зрабiлi - усiм гуртам абабеглi наўзгалоп ферму ўздоўж агароджы, нiбы хацелi ўпэўнiцца, што нiводная чалавечая iстота не схавалася там; пасля яны кiнулiся да гаспадарчых будынкаў, каб зацерцi апошнiя сляды ненавiснага панавання Джоўнза. Яны выламалi дзверы ў рымарнi ў канцы стайнi; цуглi, наздравыя колцы, сабачыя ланцугi, страшныя нажы, якiмi мiстэр Джоўнз пакладаў кныроў i бараноў, - усё гэта было патоплена ў студнi. Лейцы, аброцi, шоры, ганебныя аброчныя торбы былi ўкiнуты ў вогнiшча, што гарэла ў двары. Туды паляцелi i пугi. Усе жывёлы заскакалi ад радасцi, убачыўшы, як пугi занялiся полымем. Сняжок кiнуў у вогнiшча i стужкi, якiмi ў кiрмашовыя днi звычайна ўпрыгожвалi конскiя грывы i хвасты.
- Стужкi, - сказаў ён, - павiнны разглядацца як адзенне, якое ёсць адзнакаю чалавечае iстоты. Усе жывёлы павiнны хадзiць голыя.
Пачуўшы гэта, Баксёр прынёс маленькi саламяны капялюш, якi надзяваў улетку, каб схаваць вушы ад мух, i кiнуў яго да кучы ў вогнiшча.
За кароткi час жывёлы знiшчылi ўсё, што нагадвала iм пра мiстэра Джоўнза. Тады Напалеон завёў iх у свiран i выдаў кожнаму падвойную норму збожжа i па два сухары сабакам. Пасля гэтага яны сем разоў запар праспявалi ад пачатку да канца "Звяры Брытанii" i тады паклалiся спаць. Гэтую ноч яны спалi так, як не спалi яшчэ нiколi ў жыццi.
Прачнулiся яны, як звычайна, на свiтаннi i, раптам прыгадаўшы вялiкую падзею, што адбылася напярэдаднi, выбеглi ўсе разам на выган.
